Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак пачаў перамовы з Кітам Келагам, кандыдатам Трампа на пасаду спецпрадстаўніка па Расіі і Украіне, і Майкам Уолтцам, будучым дарадцам па нацыянальнай бяспецы. У абмеркаваннях таксама ўдзельнічае будучы віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, піша The Wall Street Journal (WSJ), спасылаючыся на крыніцы.
Паводле звестак выдання, на гэтых перамовах Кіеў збіраецца заявіць пра сваю гатоўнасць да міру.
«Але гэта мусіць быць устойлівы мір. Нестабільны, часовы мір не адпавядае інтарэсам ні ЗША, ні Украіны», — сказала крыніца, знаёмая з пазіцыяй Украіны.
WSJ піша, што Келаг у сваю чаргу выказаў падтрымку намаганням адміністрацыі Байдэна па паскоранай пастаўцы зброі ва Украіну. Ён сцвярджае, што гэта дасць Трампу рычагі ўздзеяння на Маскву для вядзення перамоваў пра мірнае ўрэгуляванне. У той жа час каманда Трампа, паводле звестак крыніц, мала зацікаўленая ў прапанове Украіны пра ўступленне ў NATO, што Зяленскі лічыць важнай гарантыяй бяспекі ад будучай расійскай агрэсіі.
Напярэдадні Зяленскі ў інтэрв'ю Sky News заявіў, што Кіеў можа пагадзіцца на спыненне «гарачай фазы вайны» ў выпадку магчымасці ўступіць у NATO неакупаванай часткі Украіны. З ягоных словаў, Кіеў будзе імкнуцца вярнуць акупаваныя Расіяй тэрыторыі, але не сілай, а праз дыпламатычны ціск.