Манголія не арыштавала па ордары Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які прыбыў ва Улан-Батар 2 верасня з афіцыйным візітам, бо краіна знаходзіцца ў энергетычнай залежнасці ад РФ. Такое тлумачэнне даў выданню Politico прадстаўнік урада Манголіі.
Як піша Politico, прадстаўнік мангольскага ўрада на пытанне пра арышт Пуціна сказаў: «Прабачце, у нас крыху звязаныя рукі».
— Манголія імпартуе 95% сваіх нафтапрадуктаў і больш за 20% электраэнергіі ад нашых найбліжэйшых суседзяў, якія раней пакутавалі ад перабояў з тэхнічных прычын. Гэтыя пастаўкі маюць вырашальнае значэнне для забяспечання нашага існавання і існавання нашага народа, — сказаў прадстаўнік мангольскага ўрада.
Спікер таксама дадаў, што яго краіна «заўсёды прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту ва ўсіх сваіх дыпламатычных адносінах».
Нагадаем, у Манголію Пуцін прыбыў 2 верасня — для ўдзелу ў свяце з нагоды 85-годдзя перамогі СССР і Манголіі над японскімі войскамі на рацэ Халхін-Гол. Па прылёце ва Улан-Батар яго не арыштавалі па ордары МУС. Хоць Манголія фармальна мусіла гэта зрабіць, бо яшчэ ў 2002 годзе завяршыла ўступленне ў склад МКС.
Ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай МУС выдаў 17 сакавіка 2023 года. Адзначалася, што яны, як мяркуецца, нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю дзяцей і іх незаконнае перамяшчэнне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
Чытайце таксама