Відэа з некалькімі дзясяткамі палонных расійскіх вайскоўцаў апублікаваў 11 жніўня ўкраінскі дзяржаўны праект Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі «Хачу жыць».

У роліку можна заўважыць больш за 40 мужчын у вайсковай форме з заматанымі скотчам вачыма. Адзін з іх сказаў, што служаць у спецназе «Ахмат», двое іншых паведамілі, што таксама з Грознага.
«З іх словаў, яны спрабавалі ўцячы, каб пазбегнуць трапляння ў палон, бо Рамзан Кадыраў калісьці заявіў, што байцы „Ахмата“ ў палон не здаюцца. Ну, звычайна так, бо сядзяць у тыле, але ў Курскай вобласці сітуацыя развівалася дынамічна, а гэтыя байцы „Ахмата“ нават не спрабавалі супраціўляцца», — паведаміў праект «Хачу жыць».
У арганізацыі адзначылі, што «перамоўнікі па абменах кадыраўцаў забіраюць у самую першую чаргу».
Наступ УСУ на Курскую вобласць пачаўся раніцай 6 жніўня. У той жа дзень у сацсетках з’явіліся відэа з палоннымі расійскімі вайскоўцамі. Сярод іх былі і салдаты тэрміновай службы.