Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Гісторыя былога байца расійскай ПВК Вагнера, якога, падобна, па-зверску пакаралі смерцю, разбіўшы галаву кувалдай, уразіла многіх. Пры ўсёй адыёзнасці стваральніка прыватнай ваеннай кампаніі Яўгена Прыгожына, да публічных пакаранняў смерцю ўласных байцоў гэтая арганізацыя ніколі не даходзіла. Спрабуем разабрацца, як і чаму магло атрымацца так, што ў Расіі на камеру караюць смерцю людзей структуры, якія не проста не маюць дачынення да войска краіны, але і наўпрост забароненыя яе законамі.

Што здарылася

12 лістапада ў сацсетках пачало распаўсюджвацца відэа. На яго кадрах (мы не публікуем спасылку на ролік з этычных меркаванняў) мужчына называе сябе Яўгенам Нужыным 1967 года нараджэння. У роліку, змантаваным з кадраў, знятых у розны час, ён кажа, што перайшоў на бок Украіны, каб ваяваць супраць расіян. Затым ён расказвае, што 11 лістапада знаходзіўся ў Кіеве, пасля чаго яго ўдарылі па галаве, і ачуўся былы найміт ужо ў падвале. Апошні кадр — прыматаную скотчам да бетоннай пліты галаву Нужына разбіваюць кувалдай.

Вядома, што Яўген Нужын — рэальны чалавек. У інтэрв'ю ўкраінскім журналістам ён расказваў, што адбываў у калоніі пад Разанню 24-гадовы тэрмін за забойства і спробу ўцёкаў (на волю ён мусіў выйсці толькі ў 2027 годзе). Аднак летам 2022 года, як і многіх іншых зняволеных, Нужына завербаваў служыць у ПВК Вагнера яе заснавальнік Яўген Прыгожын. Ваенная кар’ера мужчыны не была доўгай — ужо ў верасні ён здаўся ў палон. Чалавек на відэа з пакараннем смерцю візуальна вельмі падобны да вайскоўца, які быў ва ўкраінскім палоне і даваў інтэрв'ю.

Расіяне сапраўды могуць спакойна выкрасці чалавека з Кіева?

Вельмі малаверагодна. Пра тое, што Яўген Нужын быў менавіта выкрадзены з Кіева, заяўляюць дзве крыніцы. Першая, зразумела, — ён сам: гісторыя пра выкраданне з украінскай сталіцы стала вядомая менавіта з перадсмяротнага відэа. Ніякага пацверджання гэтых словаў не даў ні расійскі, ні, тым больш, украінскі бок.

Другой згадкай, што былога «вагнераўца» маглі выкрасці з Кіева, можна лічыць крыніцу выдання BAZA, звязаную з ПВК Вагнера. Гаворачы пра тое, чаму ўкраінскі бок пакуль нічога не расказаў пра інцыдэнт, крыніца піша, што разумее гэтае маўчанне, бо ў выпадку рэальнага выкрадання палоннага з украінскай сталіцы атрымліваецца, што не найлепшым чынам паказалі сябе Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны і Служба бяспекі Украіны, і прызнаваць гэта публічна непрыемна. Аднак гэта не доказ, а, хутчэй, здагадка ў спробе растлумачыць маўчанне Кіева.

Тэарэтычна арганізаваць выкраданне чалавека з іншай краіны цалкам магчыма. Аднак гэта патрабуе, асабліва ў час вайны, значных рэсурсаў. Гісторыя ведае падобныя прыклады. Так, у 1930-я гады супрацоўнікі АДПУ выкралі ў Заходняй Еўропе некалькіх важных дзеячаў Белага руху, а ў 1960-м агенты ізраільскага Масада выкралі ў Аргентыне Адольфа Эйхмана (у Трэцім Рэйху ён адказваў за «канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання»), вывезлі ў Ізраіль, судзілі і пакаралі смерцю.

Адольф Эйман (в центре). Фото: flickr.com / The Huntington
Адольф Эйхман (у цэнтры). Фота: flickr.com / The Huntington

Аднак і ў тым, і ў другім выпадку гаворка ішла пра вельмі важных для СССР і Ізраіля людзей: АДПУ выкрадала кіраўнікоў найбуйнейшых вайсковых арганізацый белай эміграцыі, а Масад нацэльваўся на вядомых дзеячаў Халакосту, якія здолелі пазбегнуць пакарання. Выкраданне практычна невядомага чалавека, чыё імя аказалася на слыху толькі дзякуючы самому выкраданню, — гэта першы такі выпадак. Нават калі выказаць здагадку, што Прыгожын «валявым рашэннем» загадаў любой цаной вярнуць у Расію менавіта Нужына, пераканаўчай версія не выглядае.

Значна больш лагічная версія пра тое, што Яўген Нужын пакінуў Украіну «легальна» — то-бок быў абмяняны на ўкраінскіх ваеннапалонных. Так, 11 лістапада прарасійская журналістка Анастасія Кашаварава, каментуючы чарговы абмен палоннымі паміж бакамі, напісала наступнае: «Слухайце, у ПВК ёсць свой абменны фонд. Сваіх байцоў яны не свецяць. Абмен праходзіў ад іх». А ўжо на наступны дзень з’явілася тое самае відэа з жорсткім забойствам Нужына.

На якіх менавіта умовах Украіна перадае расійскаму боку байцоў прыватных ваенных кампаній, невядома. Паколькі ПВК у Расіі забароненыя, а групы Вагнера афіцыйна не існуе, то найміты гэтай структуры, якія трапляюць у палон, ваеннапалоннымі лічыцца ў прынцыпе не могуць. Аднак, імаверна, для Кіева важнейшы фактычны бок пытання: калі УСУ захопліваюць тых вайскоўцаў з РФ, каго можна абмяняць, іх трэба мяняць, калі гэта дапаможа хоць нейкай колькасці ўкраінцаў, якія трапілі ў палон, трапіць дадому.

У гэтым выпадку, праўда, незразумела, як Нужын трапіў у спіс асобаў, прызначаных для абмену: украінскаму боку было відавочна вядома, што экс-вагнеравец даў інтэрв'ю, дзе заявіў пра жаданне ваяваць за Украіну і нянавісць да Пуціна. Заснавальнік грамадскага праваабарончага праекта Gulagu.net Уладзімір Асечкін сцвярджае, што расійскія спецслужбы дэзінфармавалі ўкраінскі бок, «закінуўшы» ім інфармацыю, што Нужын — двайны агент і здаўся ў палон спецыяльна, каб уступіць у шэрагі легіёна «Свабода Расіі» (падраздзяленне УСУ, якое складаецца з расіян). А паралельна адмовіліся працягваць перамовы да таго, як былы баец ПВК апынецца ў РФ, пасля чаго Кіеў саступіў. Таксама на канале Gulagu.net паведамляецца, што за экс-зняволенага аддалі 20 вайскоўцаў Украіны.

Версію пра тое, што Яўгена Нужына палічылі двайным агентам, агучыў і экс-дэпутат расійскай Дзярждумы Ілля Панамароў, які цяпер жыве ва Украіне. Пры гэтым Панамароў не сказаў канкрэтна, быў былы зняволены сапраўды агентам або расійскія спецслужбы ўкінулі нейкую інфармацыю, каб украінцы палічылі яго такім.

Навошта ПВК Вагнера забіваць чалавека такім жорсткім спосабам?

Адказ на гэтае пытанне даў канал Grey Zone, які лічыцца блізкім да «вагнераўцаў». У першапачатковым пасце (з відэа, на кадрах якога Нужына жорстка забіваюць), аўтар напісаў: «…той, хто прыблізна ў тэме, ведае, што кувалда і здраднікі маюць для „аркестра“ цесную сувязь. І вось зніклы раптоўна з-пад следства ў Кіеве здраднік атрымаў іх традыцыйнае, спрадвечна вагнераўскае пакаранне».

Пасля прачытання гэтых радкоў можа скласціся ўражанне, што ў «вагнераўцаў» даўно склалася традыцыя забіваць кувалдай людзей, якіх палічылі здраднікамі. Ужо згаданая крыніца «Базы» расказвае, што ў дадатак да тэрмінаў «двухсоты» і «трохсоты» (забіты і паранены) у ПВК ёсць тэрмін «васьмісоты» — ён нібыта азначае байца, якога за баязлівасць караюць, ламаючы ногі бітамі.

Але ніякіх пацверджанняў гэтаму няма. Кувалда фігуравала ў сувязі з прыватнай ваеннай кампаніяй адзін раз — у чэрвені 2017 года найміты-«вагнераўцы» жорстка забілі жыхара Сірыі, які дэзертаваў з войска, лаяльнага Башару Асаду, і знялі гэта на відэа. На кадрах роліка няшчаснаму сапраўды ламаюць ногі кувалдай — аднак потым яшчэ адсякаюць рукі сапёрнай лапаткай, адразаюць галаву і падпальваюць. Забіты сірыец ніякага непасрэднага дачынення да расійскіх ПВК не меў і стаць для «вагнераўцаў» былым калегам-здраднікам не мог.

Больш ні адзін эпізод, звязаны з кувалдай, здабыткам грамадскасці не стаў. Адзін з самых вядомых байцоў ПВК Вагнера, аўтар кнігі пра гэтае падраздзяленне «В одну реку дважды» Марат Габідулін ні ў самой кнізе, ні ў сваім вялікім інтэрв'ю «Медузе» традыцыю ламаць наймітам, якія праштрафіліся, канцавіны або забіваць іх кувалдай не згадвае.

А ўсяго месяц таму ён у інтэрв'ю ўжо Уладзіміру Асечкіну ўспомніў і сірыйскі эпізод з кувалдай — і асобна адзначыў, што не можа зразумець, чаму ў той момант была праяўленая такая жорсткасць. Калі б такая «традыцыя» ў ПВК сапраўды існавала, наўрад ці гэта выклікала б у экс-байца групы Вагнера такое здзіўленне.

Адпаведна, сістэматычнае выкарыстанне ў ПВК Вагнера кувалды як прылады выхавання і застрашвання вельмі сумнеўнае. Аднак забойства молатам чалавека на відэа, падобна, сапраўднае. Чаму ж байцы «арміі Прыгожына» пайшлі на гэта?

Магчыма, адказ хаваецца акурат у асаблівасцях асобы заснавальніка ПВК. Рэч у тым, што на цяперашні момант Яўген Прыгожын — адзін з найбольш магутных людзей Расіі (статус гэтага дзеяча цяпер непараўнальны з яго ж становішчам да вайны). Ён стварыў прыватную армію (прамое парушэнне расійскіх законаў, якія забараняюць дзейнасць ПВК). Ён асабіста вярбуе ў ПВК зняволеных з вялізнымі тэрмінамі (забіты Нужын павінен быў адседзець каля 25 гадоў) — гэта таксама відавочнае парушэнне расійскіх законаў (прынамсі, было ім да моманту вярбоўкі Нужына — у пачатку лістапада Пуцін дазволіў мабілізацыю грамадзян з непагашанай судзімасцю за цяжкія злачынствы).

Фото: bloknot-volgograd.ru
Яўген Прыгожын — другі злева. Фота: bloknot-volgograd.ru

Цяпер асабістая армія Прыгожына бярэ на сябе функцыі, якія не можа выконваць нават сама расійская дзяржава — смяротнае пакаранне (у РФ з 1999 года дзейнічае мараторый на гэтую меру). Фактычна, жудасным забойствам Прыгожын зноў «праверыў на трываласць» расійскую дзяржаву — будзе рэакцыя або не. Рэакцыя была: прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў ужо пракаментаваў тое, што адбылося, словамі «Гэта не нашая справа».

Падобна да таго, што Яўген Прыгожын ва ўмовах вайны паўтарае шлях чачэнскага лідара Рамзана Кадырава, сілавікі якога таксама досыць нядбайна ставяцца да расійскага заканадаўства. Адной з галоўных расійскіх тэмаў незадоўга да пачатку вайны было выкраданне федэральнага суддзі Сайдзі Янгулбаева ў Ніжнім Ноўгарадзе сілавікамі з Чачні. А гэтым летам з’явілася інфармацыя пра жорсткае забойства на чачэнскай тэрыторыі адміністратара антыкадыраўскага тэлеграм-канала Салмана Тэпсуркаева.

Як можна ўбачыць з гісторыі з Нужыным, цяпер адкрыта ігнараваць расійскае заканадаўства можа дазволіць сабе не толькі Чачэнская рэспубліка. Максімальна жорсткі спосаб расправы з непажаданымі можа быць неабходны для максімальнага згуртавання асабістай арміі вакол свайго правадыра, а кожны патэнцыйны сапернік цяпер можа на свае вочы ўбачыць, што пакаранне кувалдай — не міф. Расійская пенітэнцыярная сістэма і сілавыя структуры да гэтага ўжо ніякага дачынення не маюць, у краіне, відавочна, ствараецца яшчэ адно альтэрнатыўнае правасуддзе.

Накіраванае яно пры гэтым можа быць на каго заўгодна: Прыгожын, ухваляючы забойства Нужына, заявіў, што той — здраднік. І тут жа сказаў: «Частка здраднікаў адседжваецца ў кабінетах, не думаючы пра ўласны народ. Частка з іх на ўласных бізнес-джэтах ляціць у тыя краіны, якія пакуль нам здаюцца нейтральнымі. Ляціць, каб не ўдзельнічаць у сённяшніх праблемах».

Прарасійскі палявы камандзір і блогер Аляксандр Хадакоўскі, звяртаючы ўвагу на тое, што дзяржава ў асобе Расіі страчвае манаполію на гвалт, заявіў нават, што калі ў РФ трэба каго-небудзь «паказальна пазбавіць жыцця», то практычнейшым будзе проста адмяніць на час забарону на смяротнае пакаранне. Украінскі ваенны эксперт Раман Панамарэнка палічыў жудасную сцэну з кувалдай «прапановай» Пуціну пачаць у краіне тэрор, якім ПВК гатовая заняцца самастойна — падобна да апрычніны за Іванам Грозным і НКУС за Іосіфам Сталіным.

Евгений Пригожин (слева) и Владимир Путин. Фото: Reuters
Яўген Прыгожын (злева) і Уладзімір Пуцін. Фота: Reuters

У савецкім Крымінальным кодэксе быў артыкул 193, пункт 14, паводле якога вайскоўца, што трапіў у палон, маглі расстраляць — аднак для гэтага патрабавалася «наўмысная, не выкліканая баявым становішчам, здача ў палон». Супраць яго выступаў, у прыватнасці, маршал Георгій Жукаў, лічачы грубым парушэннем правоў вайскоўцаў. Аднак нават такі негуманны артыкул усё ж быў часткай заканадаўства, а не простым капрызам прыватнай асобы.

Нам не вядома дакладна, ці быў Яўген Нужын двайным агентам, як менавіта ён трапіў з Украіны назад у РФ і ці не было яго «пакаранне» проста паказальнай расправай, дзе на месцы ахвяры мог аказацца любы іншы палонны найміт (ды і ці мела гэтае пакаранне месца ў рэчаіснасці). Аднак яго імаверная гібель стала для Расіі вельмі сур’ёзным прэцэдэнтам: цяпер у краіне з’явілася яшчэ адна крыніца «легальнага» гвалту, якая мала залежыць ад дзяржавы — і пры гэтым не абмежаваная рамкамі адной невялікай нацыянальнай рэспублікі.