Нават самыя адыёзныя аўтарытарныя рэжымы любяць ствараць ілюзію ўсенароднай падтрымкі. Так, прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія называюць сябе «патрыётамі Беларусі», рэгулярна з дзяржаўным бласлаўленнем збіраюцца на форумы і аўтапрабегі, дзе называюць сябе «грамадзянскай супольнасцю» і дружна рэфлексуюць на тэму падзеяў жніўня 2020 года. Падобны рух ужо многія гады існуе і ў Ісламскай Рэспубліцы Іран — там ён аб’яднаны ў афіцыйную арганізацыю і дапамагае ўладам не толькі ў здушэнні пратэстаў, але і ва ўзброеных канфліктах з іншымі краінамі. Расказваем пра арганізацыю Басідж і пра тое, чым яна падобная да «патрыётаў Беларусі».
«Патрыёты Беларусі» і іх іранскі аналаг
На піку пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да беларусаў нават самыя буйныя мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі збіралі ў разы менш удзельнікаў, чым антыўрадавыя выступы. Такая розніца, хутчэй, дэматывавала прыхільнікаў Лукашэнкі, і нейкага рэальнага ўплыву на ход падзеяў летам-восенню 2020 года праўладныя мерапрыемствы не зрабілі.
Затое ў перыяд рэакцыі, які цягнецца дагэтуль, дзейнасць праўладных актывістаў зрабілася вельмі прыкметнай. Яны пішуць даносы, арганізуюць мітынгі, аўтапрабегі і шэсці, змагаюцца з непажаданымі канцэртамі, рэкламай і святамі.
Прыхільнікі ўладаў часта дзейнічаюць агрэсіўна ў дачыненні да сваіх апанентаў ці тых, каго імі лічаць. Мабыць, самыя страшныя падзеі з удзелам актывістаў, якія былі цесна афіляваныя з уладай, але дзейнічалі як прыватныя асобы, звязаныя з паездкамі па мінскіх дварах позняй восенню 2020 года, калі пры патуранні, а часам і пры падтрымцы сілавых органаў яны знішчалі пратэсную сімволіку і запалохвалі грамадзян. Падчас аднаго з такіх рэйдаў увечары 11 лістапада на «плошчы Пераменаў» у двары дома па вуліцы Чарвякова быў збіты, а на наступны дзень памёр Раман Бандарэнка.
Шчырыя прыхільнікі рэжыму — не заўсёды шматлікі, але вельмі каштоўны рэсурс для любога дыктатара. Гатоўнасць да любых дзеянняў — ад удзелу ў прапагандысцкіх мерапрыемствах да гвалту над апанентамі — робіць іх вельмі зручным і танным інструментам для выканання задач, звязаных з утрыманнем улады. Калі іх паслугі робяцца асабліва запатрабаванымі, аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы могуць ствараць са сваіх актыўных прыхільнікаў розныя фармаванні, у тым ліку ваенізаваныя.
Яскравым прыкладам можна лічыць іранскую арганізацыю Сазман-е Басідж-е Мустазафін (у перакладзе з персідскай — «Арганізацыя мабілізацыі прыгнечаных»), шырока вядомая пад скарочанай назвай Басідж («мабілізацыя»). Менавіта гэтае парамілітарнае фармаванне цяпер спрабуе задушыць пратэсты ў Іране, што ўспыхнулі пасля смерці затрыманай павучальным патрулём (іранскай «паліцыяй нораваў») за няправільнае нашэнне хіджаба 22-гадовай Махсы Аміні.
Басіджы ваеннага часу
У 1979 годзе ў Іране перамагла ісламская рэвалюцыя, у выніку якой манархія ператварылася ў тэакратычную рэспубліку, дзе рэальная ўлада належыць рэлігійным лідарам. Рэвалюцыянеры моцна аслабілі войска Ірана, пакараўшы смерцю і пазбавіўшы волі многіх высокапастаўленых афіцэраў, якія захавалі вернасць зрынутаму шаху Махамеду Рэза Пехлеві або бралі ўдзел у здушэнні паўстання.

Новы лідар краіны, аятала Рухала Хамейні, разумна вырашыў, што рэшты ўзброеных сіл і навастворанага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР, элітнае фарміраванне, што складаецца з найбольш лаяльных рэжыму вайскоўцаў) можа быць недастаткова для абароны рэжыму ад знешніх ворагаў. Ён заявіў, што Ірану патрэбная 20-мільённая армія, якая дазволіла б яму пазмагацца з ЗША.
Насельніцтва Ісламскай Рэспублікі ў гэты час складала каля 38 мільёнаў чалавек, а таму традыцыйныя падыходы да стварэння такога вялікага ўзброенага фарміравання не падыходзілі. Хамейні вырашыў, што ў ісламскай краіне кожны мусіць быць салдатам і мець вайсковую падрыхтоўку.
У чэрвені 1979 года быў прыняты адпаведны закон, у якім мэтамі новай арганізацыі Басідж абвяшчаліся «навучанне і арганізацыя ўсіх добраахвотнікаў для супрацьстаяння любой унутранай і знешняй пагрозе дасягненням Ісламскай рэвалюцыі». Згодна з дакументам, Басідж падпарадкоўвалася непасрэдна Найвышэйшаму кіраўніку Ірана, на той момант — самому Рухале Хамейні.

Належна сфармаваць, навучыць і забяспечыць масавае апалчэнне сваіх прыхільнікаў аятала не паспеў. Ужо ў верасні 1980 года ў Іран уварвалася іракская армія Садама Хусэйна. Апошні быў незадаволены экспартам ісламскай рэвалюцыі з шыіцкага Ірана ў шыіцкія рэгіёны Ірака і адначасова скарыстаўся момантам для захопу багатага на нафту іранскага рэгіёна Арабістана (Хузестана).
Момант сапраўды выглядаў вельмі ўдалым. Іранскае грамадства было раз’яднанае, арабскія краіны Персідскага заліва таксама паспелі сербануць гора ад экспарту ісламскай рэвалюцыі і ставіліся да рэжыму Хамейні пераважна варожа. Нічога падобнага да сімпатыі да новага іранскага рэжыму не адчувалі ні СССР, ні Захад. Нарэшце, іранская армія была вельмі аслабленая ўнутранымі рэпрэсіямі.
У такіх умовах менавіта новыя ваенізаваныя структуры — КВІР і Басідж — дапамаглі аслабленай арміі спыніць іракскае ўварванне і скончыць страшную васьмігадовую вайну ўнічыю. Прычым уклад Басідж, магчыма, быў вырашальным: паводле некаторых ацэнак, без яго Іран, хутчэй за ўсё, прайграў бы вайну супраць арміі Садама. У студзені 1981 года Басідж страціла фармальную самастойнасць і была падпарадкаваная КВІР, стаўшы адной з яго «пяці сіл».
У першую чаргу ў гады вайны «Мабілізацыя» (успомнім, што менавіта так перакладаецца персідскае слова «басідж») займалася менавіта мабілізацыяй. Сапраўднай мабілізацыяй, на фоне якой цяперашнія спробы Расіі кампенсаваць страты рэгулярнага войска выглядаюць не вельмі пераканаўча. Да вясны 1983 года Басідж навучыла абыходзіцца са зброяй 2,4 мільёна чалавек і адправіла на фронт 450 тысяч. А ў 1985 годзе афіцыйныя іранскія крыніцы ацэньвалі колькасць басіджы (персідскі тэрмін, які абазначае чальцоў арганізацыі) у 3 мільёны чалавек. У басіджы ішлі, як правіла, дрэнна адукаваныя добраахвотнікі з небагатых сялянскіх сем’яў, найбольш успрымальныя да рэлігійнай і патрыятычнай прапаганды. Сярод іх былі і дзеці, і нават старыя старэйшыя за 80 гадоў.
Асабліва праславілася Басідж выкарыстаннем тактыкі «чалавечых хваляў». У адпаведнасці з ёй масы кепска падрыхтаваных і лёгкаўзброеных басіджы, у тым ліку дзеці 12-гадовага ўзросту і старэйшыя, выкарыстоўваліся для расчысткі мінных палёў і выкліку на сябе агню праціўніка. Тыповая атака «чалавечай хвалі» выглядала так: сотні і тысячы басіджы шчыльным шыхтом маршыравалі проста на іракскія пазіцыі. Пасля таго як мясцовасць такім чынам аказвалася «вычышчанай» ад мін і выяўляліся агнявыя пункты праціўніка, у бой уступалі лепш аснашчаныя і навучаныя вайсковыя падраздзяленні.
Страты ўдзельнікаў такіх самагубчых нападаў ацэньваюцца ў дзясяткі тысяч чалавек.

Басіджы — захавальнікі рэжыму
Пасля заканчэння іранска-іракскай вайны ў 1988 годзе арганізацыя Басідж узяла актыўны ўдзел у аднаўленні краіны і не грала прыкметнай ролі ў грамадска-палітычным жыцці.
Але ў канцы 90-х у іранскім грамадстве ўзмацніўся рух за палітычныя і сацыяльныя рэформы, увасабленнем якога стала «футбольная рэвалюцыя» 1997 года. Пасля перамогі іранскай футбольнай каманды над зборнай Аўстраліі ў адборачным турніры чэмпіянату свету па футболе ў краіне адбываліся неймаверныя для Ісламскай Рэспублікі падзеі. Мільёны іранцаў выйшлі на вуліцы гарадоў, каб адсвяткаваць гэтую перамогу, праігнараваўшы папярэджанні ўрада аб недапушчальнасці свецкіх святаў. Жанчыны, прарваўшы паліцэйскія загароды, трапілі на стадыён, дзе ім забаранялася знаходзіцца. Некаторыя знялі чадру, многія свабодна размаўлялі на вуліцах з мужчынамі.
Іранскае кіраўніцтва пачало разумець, што страчвае кантроль над вуліцамі. Прыкладна ў пачатку 2000-х адроджаная арганізацыя Басідж вярнулася на сцэну ў новай якасці і з таго часу адыгрывае актыўную ролю ў здушэнні грамадскага пратэсту.
Басідж — вельмі нетыповая арганізацыя нават па мерках Ірана. Загадкай застаецца нават яе прыблізная колькасць. Афіцыйныя асобы называюць лічбу ў 20 мільёнаў басіджы, што, мабыць, з’яўляецца метафарычным перабольшаннем, заснаваным на пажаданні аяталы Хамейні, якое ён выказаў у далёкім 1979 годзе. Лічба ў 20 мільёнаў добраахвотных апалчэнцаў, імаверна, грае яшчэ і прапагандысцкую ролю, увасабляючы ўсенародную падтрымку рэжыму, што кіруе Іранам. У 2009 годзе функцыянер КВІР Масуд Мусаві заяўляў, што Басідж налічвае 11,2 мільёна ўдзельнікаў.

Заходнія даследчыкі лічаць, што насамрэч каля 90 тысяч басіджы з’яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі, яшчэ ад 300 да 600 тысяч чалавек арганізацыя можа хутка прызваць з арганізаванага рэзерву. Рэзервісты Басідж — гэта, як правіла, юнакі, пажылыя мужчыны, а таксама тыя, хто нядаўна звольніўся з вайсковай службы. Зрэшты, удзельнікамі арганізацыі могуць быць і жанчыны.
Удзельнікі Басідж маюць ільготы — такія, як вызваленне ад 21-месячнай вайсковай службы, зарэзерваваныя для іх месцы ва ўніверсітэтах і невялікія стыпендыі. Акрамя таго, яны маюць перавагу пры заняцці дзяржаўных пасадаў, асабліва звязаных з сілавымі ведамствамі.
Арганізацыйна Басідж дзеліць усе гарады ў Іране на некалькі акругаў, кожная з якіх, у сваю чаргу, дзеліцца на зоны. Усярэдзіне зон у Басідж ёсць базы, якія складаюцца з некалькіх групаў. У невялікіх гарадах і вёсках арганізаваны ячэйкі Басідж. Афіцыйныя іранскія СМІ сцвярджаюць, што ў краіне налічваецца каля 54 000 базаў.
Існуюць прафесійныя, працоўныя, універсітэцкія, школьныя і іншыя арганізацыі Басідж, а таксама арганізацыі дзяржаўных службоўцаў. Кожная такая ячэйка функцыянуе як процівага адпаведным няўрадавым грамадскім арганізацыям. Напрыклад, прафесійныя і працоўныя арганізацыі Басідж «ураўнаважваюць» прафсаюзы.
Басіджы з’яўляюцца многія прадстаўнікі іранскай кіраўнічай эліты, у прыватнасці — Махмуд Ахмадзінежад, які быў прэзідэнтам Ірана ў 2005−2013 гадах, а раней — мэрам Тэгерана. Арганізацыя заўсёды займала важнае месца ў яго жыцці і палітычнай кар’еры, і невыпадкова на перыяд кіравання Ахмадзінежада прыпадае вяртанне Басідж на першы план. Гэта можа быць звязана з меркаванай роляй арганізацыі ў забеспячэнні яго перамогі на выбарах.

У спакойны час Басідж выконвае дапаможныя функцыі, дапамагаючы іранскім праваахоўным органам падтрымліваць унутраную бяспеку ў ролі своеасаблівых «дружыннікаў». Важнымі задачамі для басіджы з’яўляюцца таксама распаўсюджванне дзяржаўнай ідэалогіі, прапаганда ў палітычных кампаніях, кантроль за выкананнем нормаў ісламскай маралі і правілаў, барацьба з іншадумствам.
Басіджы могуць дапамагаць насельніцтву ў выпадку стыхійных бедстваў, арганізуюць публічныя рэлігійныя цырымоніі, дапамагаюць павучальнаму патрулю (ісламскай «паліцыі нораваў»). Ва ўсходніх раёнах краіны Басідж удзельнічае ў барацьбе з наркатрафікам.
З 2005 (магчыма, і з 1997) года басіджы актыўна ўдзельнічаюць у здушэнні студэнцкіх дэманстрацый, падтрымліваючы паліцыю і іншыя фарміраванні КВІР. У 2009 годзе арганізацыя адыграла ключавую ролю ў здушэнні пратэстаў пасля спрэчных чэрвеньскіх прэзідэнцкіх выбараў. Падраздзяленні Басідж выкарыстоўваліся для барацьбы з пратэстантамі на вуліцах, заводах, ва ўніверсітэтах і нават школах. Пры гэтым адзначаліся выпадкі, калі сябры мясцовых арганізацый Басідж адмаўляліся збіваць суседзяў, якія пратэставалі, скандуючы «Алаху Акбар» са сваіх дамоў. Басіджы-студэнты і школьнікі не хацелі запалохваць і збіваць сваіх аднакурснікаў і аднакласнікаў, а ў буйных населеных пунктах басіджы літаральна выпараліся, калі аказваліся перад разгневанымі дэманстрантамі.
Для вырашэння гэтай праблемы ў 2009 годзе камандаванне КВІР і Басідж было вымушанае перакідваць мабілізаваных прыхільнікаў рэжыму з адных гарадоў у іншыя.

Узаемадзейнічаючы з паліцыяй, басіджы хутка змаглі здушыць вулічныя пратэсты ў правінцыях, але ў вялікіх гарадах і асабліва ў Тэгеране ўсё было значна складаней. Падчас масавых дэманстрацый актывісты выбіралі мэты з краю натоўпу, нападаючы на слабых або неасцярожных пратэстоўцаў. Таксама яны стралялі па дэманстрантах з дахаў будынкаў. 15 чэрвеня 2009-га басіджы забілі некалькіх пратэстоўцаў на плошчы Азадзі ў Тэгеране, пазней людзі, што выглядалі як басіджы, зарэзалі некалькіх студэнтаў у кампусе Тэгеранскага ўніверсітэта.
З іншага боку, адзін з камандзіраў Басідж сцвярджаў, што падчас пратэстаў 2009 года загінулі восем басіджы, каля 300 атрымалі раненні.
У масіве дакументаў, сабраных Wikileaks, ёсць сведчанне нарвежскай амбасады ў Іране, якое тычыцца дзейнасці Басідж у гэты перыяд. Паводле звестак дыпламатаў, амбасада атрымала паказанні аспіранта, які праводзіў у Іране даследаванні на мяжы 2009−2010 гадоў. Малады нарвежац быў затрыманы басіджы ў гарадскім аўтобусе ў Тэгеране і вывезены ў лагер Басідж. Там ён стаў сведкам зверскіх катаванняў і забойстваў іранскіх палітвязняў. На яго вачах людзей, пашыхтаваных ля сцяны, басіджы насмерць задушылі грузавіком, іншых патрашылі нажамі. Таксама аспірант сцвярджаў, што бачыў, як на тэрыторыі базы быў абліты бензінам і спалены аўтобус разам з удзельнікамі пратэстаў, якія знаходзіліся ў ім.
З 2011-га чальцы Басідж удзельнічаюць у іранскіх ваенных аперацыях на тэрыторыі Сірыі і Ірака.
У 2019−2020 гадах Іран скаланулі пратэсты, вядомыя як крывавы лістапад. Падставай для іх стала павышэнне цэн на паліва, але лейтматывам выступленняў зрабіліся патрабаванні звяржэння ўрада, дэмантажу рэжыму аятал і дэмакратызацыі краіны. Басіджы ўдзельнічалі ў здушэнні і гэтых хваляванняў. Па ўсёй краіне тады было забіта каля 1,5 тысячы пратэстоўцаў.
Пратэсты 2022 года, паволе паведамленняў журналістаў, таксама не абыходзяцца без удзелу басіджы. Да канца кастрычніка было забіта не менш за 234 чалавекі, у тым ліку 29 дзяцей. Канца гэтага супрацьстаяння пакуль не відаць.

Чужыя памылкі
Арганізацыя Басідж, якая аб’ядноўвае як шчырых прыхільнікаў іранскіх уладаў, так і тых, каго прыцягнулі льготы і прэферэнцыі, за сваю больш чым 40-гадовую гісторыю прайшла складаны шлях. У 80-я гады яна дапамагла Ірану выстаяць у найцяжэйшай вайне, і басіджы-ветэраны таго перыяду дагэтуль карыстаюцца павагай у мясцовым грамадстве.
З іншага боку, у апошнія 20 гадоў басіджы выкарыстоўваліся як зручны інструмент для здушэння іранскай грамадзянскай супольнасці. Арганізацыя дазваляе рэжыму аятал выкарыстоўваць гвалт для кантролю над грамадствам, захоўваючы пры гэтым ілюзію падтрымкі сярод народа. Урэшце, барадатыя мужчыны ў цывільнай вопратцы, якія збіваюць пратэстоўцаў, — гэта не салдаты ў форме.
Але для і без таго вельмі неаднароднага іранскага грамадства такое выкарыстанне прыхільнікаў улады выглядае вельмі неабдуманым. Басіджы — гэта звычайна выхадцы з вёсак і небагатых гарадскіх слаёў, якія выкарыстоўваюць арганізацыю як сацыяльны ліфт. З іншага боку, сярод пратэстоўцаў у буйных гарадах вельмі шмат адукаваных іранцаў, заможных і з сярэдняга класа, якія амаль аднадушна пагарджаюць басіджы. Усё гэта прыносіць у грамадскія працэсы Ісламскай Рэспублікі элемент ўмоўнай «класавай барацьбы» і павялічвае антаганізм паміж рознымі часткамі яе грамадства.

Складана не заўважыць падабенства паміж выкарыстаннем сваіх прыхільнікаў аўтарытарнымі рэжымамі розных краін. Часта гэта дапамагае ім захоўваць уладу на кароткіх і сярэдніх дыстанцыях. Наяўнасць нават адносна невялікай колькасці актыўных і гатовых на ўсё (або на вельмі многае) актывістаў дазваляе ствараць ілюзію ўсенароднай падтрымкі. Але на доўгіх дыстанцыях такія дзеянні дзеляць грамадства на часткі страшнымі і глыбокімі ранамі, якія загойваюцца вельмі доўга.