Суд абавязаў мінскую пенсіянерку выплаціць 8,2 тысячы рублёў за пашкоджаную інфармацыйную таблічку «Выгул сабак забаронены». З дапамогай пракуратуры жыхарка сталіцы паспяхова абскардзіла гэтае рашэнне.
Таблічка, якую пашкодзіла мінчанка, належаў аднаму з прадпрыемстваў ЖКГ раёна. Яго кошт камунальнікі ацанілі ў 83,29 рубля.
За пашкоджанне шыльды на жанчыну склалі пратакол паводле арт.11.3 КаАП (Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне чужой маёмасці). Суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў дзве базавыя велічыні (80 рублёў) штрафу. Яе таксама абавязалі кампенсаваць кошт інфармацыйнай таблічкі.
На гэтым гісторыя не скончылася. Прадпрыемства-ўладальнік пашкоджанай таблічкі звярнулася ў суд з пазовам пра спагнанне шкоды, нанесенай наўмыснымі дзеяннямі адказчыцы, у сторазовым памеры. Камунальнікі спасылаліся на «Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска», згодна з якімі з мэтай падтрымання тэрыторыі сталіцы ў належным стане «пры наўмысным нанясенні шкоды аб’ектам добраўпарадкавання <…> арганізацыі забяспечваюць прывядзенне ў належны выгляд названых аб’ектаў, з наступным спагнаннем у вызначаным парадку шкоды ў сторазовым памеры».
Гэтыя патрабаванні суд задаволіў, абавязаўшы пажылую мінчанку выплаціць 8,2 тысячы рублёў.
Рашэнне апратэставала пракуратура. Нагляднае ведамства адзначыла, што пашкоджаная таблічка «не адпавядае крытэрам, якія адносяцца да аб’ектаў добраўпарадкавання». Акрамя таго, пытанне пра спагнанне з адказчыцы маёмаснай шкоды вырашанае раней у рамках разгляду справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне.
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда пагадзілася з аргументамі пратэсту. Рашэнне суда першай інстанцыі было скасаванае. У пазове прадпрыемству ЖКГ раёна пра спагнанне з пенсіянеркі шкоды ў сторазовым памеры адмовілі.