Пасля падарожжа ў Сіньцзянь-Уйгурскі аўтаномны раён, які ён параўнаў з канцлагерам, салігарчанін Аляксандр Гойшык выправіўся ў краіну, куды рэдка ступала нага беларускіх турыстаў. Дарэчы, саму сваю кругасветку хлопец ужо скончыў. Таму далей пра свае падарожжы ён будзе расказваць з Гватэмалы, куды Аляксандр прыехаў да дзяўчыны.
Даліна Хунза і кітайска-пакістанскае сяброўства
У адрозненне ад кітайскага боку сімвалічнай памежнай брамы, самай высокай на свеце, дзе былі натоўпы турыстаў, на баку пакістанскім не было нікога. Нават памежнікаў ці паліцыі. Пашпартны кантроль адбываецца у невялікай вёсачцы Сост, да якой 90 км. Адразу пасля ўезда ў Пакістан амаль увесь аўтобус выдыхнуў з палёгкай. Умомант запатрабавалі санітарны прыпынак, бо на кітайскай тэрыторыі нельга было спыняцца. На прыпынку ўсе пачалі знаёміцца — апроч мяне была яшчэ пара велатурыстаў з Бельгіі. Давалі свае нумары тэлефонаў, маўляў звяртайся калі будзе любая праблема ў Пакістане і запрашалі ў госці. Узровень гасціннасці ўразіў прам з першых хвілін. Пыталіся як мяне знайсці ў Instagram і тут жа падпісваліся. Нарэшце свабодны інтэрнэт!



Па дарозе да памежнага КПП мы праязджалі нацпарк, дзе турыстам трэба плаціць за квіток у дваццаць разоў больш чым пакістанцам — амаль 20 даляраў! А самае цікавае, што ані ў які нацпарк не пускаюць, гэта проста «такса» за праезд па ягонай тэрыторыі, звычайны такі сабе развод. Але ж са мною такія прыколы не пракатваюць, на падарожным форуме я знайшоў лайфхак як гэтай аплаты пазбегнуць. Зэканоміў — лічы зарабіў!
На пашпартным кантролі ўсё прайшло даволі хутка, мне ўляпілі пячатку і пажадалі добрага падарожжа. Абмяняў рэшту кітайскіх юаняў на пакістанскія рупіі і пайшоў на выезд з вёскі. Там мне спынілася літаральна першая ж машына, так распачаліся мае аўтастопныя прыгоды ў Пакістане. Я праеду большасць краіны аўтастопам, тут надзвычай лёгка перасоўвацца менавіта такім чынам. Першы ж кіроўца падвёз мяне амаль да пункта прызначэння, пачаставаўшы па дарозе смачным пловам. А наступная машына падкінула да самых дзверэй хостэла. Пасля Кітая такое задавальненне, што амаль усе тут даволі няблага размаўляюць па-ангельску, хаця і з моцным характэрным акцэнтам. Адзін з кіроўцаў, пачуўшы што я з Беларусі, сказаў што добра ведае амбасадара Пакістана ў нашай краіне, бо ён родам з гэтых мясцінаў.
Знакамітая даліна Хунза была маім першым месцам прызначэння ў пакістанскай вандроўцы. Вядомая сваёй фантастычнай прыродай і старажытнымі фортамі — вельмі працяглы час гэта было самастойнае княства Хунза.






Таксама даліна славіцца сваімі доўгажыхарамі. Кажуць, што сакрэт іхняга доўгалецця палягае на вегетарыянскай у асноўным дыеце і пастаяннай фізічнай працы. Вельмі прыгожыя і каларытныя людзі.



Наведаў форт Балтыт, якая была рэзыдэнцыяй князя. Трошкі даведаўся пра гісторыю гэтай дзяржавы і яе мірны ўваход у склад Пакістана пасля распада Брытанскай Індыі ў 1947 года, а таксама зрабіў фотку з вельмі каларытным ахоўнікам.


Схадзіў на хайкінг на адну са шматлікіх гор наўкол, палюбаваўся фантастычнай прыгажосці заходам сонца, наведаў агромісты ледавік у суседняй даліне і зладзіў традыцыйную акцыю «Акунусь за Беларусь!» у маляўнічым возеры Атабад.
Яно паўстала ў выніку страшнага апоўзня у 2010 года, у выніку ягога затопленымі аказалася некалькі вёсак і вялікі адрэзак Каракарумскай шашы. Ліквідаваць наступствы прыроднай катастрофы дапамагалі ратаўнікі і армія КНР.
Па дарозе туды мы праяжджалі некалькі тунэляў, на ў'ездзе ў кожны з іх былі ўсталяваныя вялікія білборды з надпісам «Няхай жыве пакістанска-кітайскае сяброўства!»
Аказваецца, Кітай моцна ўкладаецца ў тутэйшую інфраструктуру, будуе дарогі, масты, танэлі і нават электрастанцыі — у Пакістане вялікія праблемы з электрычнасцю. Краіны разам будавалі Каракарумскую шашу — самую высокагорную ў свеце, пры яе будове загінула 810 пакістанскіх і 82 кітайскіх рабочых. На афіцыйным узроўні ўлады двух краінаў сябруюць, няхай і па прынцыпе «Вораг майго ворага — мой сябра» (маюцца на ўвазе агульныя напружаныя адносіны з Індыяй), кітайскія турысты лёгка могуць прыехаць у Пакістан. А вось пакістанцаў пускаюць без візы толькі ў памежны рэгіён КНР, у межах малога памежнага руха. Атрымаць жа турыстычную візу у Кітай грамадзянам Пакістана вельмі складана.
Пакістанская гасціннасць і модныя фуры
На здзіўленне, Пакістан неяк адразу ўзяў высокую планку і пачаў мне падабацца: вельмі прыемныя і гасцінныя людзі, нарэшце няма моўнага бар’ера — амаль з усімі можна паразумецца базавым інглішам, нарэшце свабодны інтэрнэт без неабходнасці увесь час уключаць VPN, нарэшце няма паліцыі і камераў пад кожным кустом. Карацей першыя дні пасля Кітая я проста кайфаваў, нават ежа тутэйшая мне прыйшлася больш да спадобы — простыя і не такія мудрагелістыя спалучэнні прадуктаў і смакаў. Забягаючы наперад скажу, што па выніку Пакістан увайшоў у ТОП-5 краінаў усёй маёй кругасветнай вандроўкі. Вельмі цікавая, гасцінная і моцна недаацэненая краіна, якая, на жаль, мае ў свеце не самую лепшую, мякка кажучы, рэпутацыю.
Наступным маім пунктам прызначэння была яшчэ адна даліна — Скарду, вядомая сваім пакістанскім аналагам знакамітага «Языка Троля» у Нарвегіі, халоднай пустыняй Сарфаранга, маляўнічымі азёрамі, нацыянальнымі паркамі, старажытнымі фортамі і нават скалою з барэльефамі Будды. Адлегласць ад Хунзы каля 300 км, але ўлічваючы мясцовы рэльеф я выехаў рана раніцаю. Гэта было правільным рашэннем, таму што па дарозе я застопіў караван джыпаў, што прапанавалі па дарозе заехаць у яшчэ адну маляўнічую даліну — Налтар.


Увогуле увесь Паўночны Пакістан — гэта дзясяткі фантастычнай прыгажосці далінаў і неверагоднай гасціннасці людзей. Так патрапіў у джып-тур на некалькі дзясяткаў кіламетраў экстрэмальнага бездарожжа на шляху да неверагодна маляўнічых азёраў. Звычайна такія туры каштуюць пад некалькі сотняў даляраў з носа, а я пракаціўся бясплатна. Кожная паслядоўнасць падзеяў з’яўляецца правільнай — гэтая жыццёвая мудрасць ніколі мяне не падводзіла.
Тут ужо моцна кінулася ў вочы нейкая страшная галеча тутэйшых жыхароў. Поруч з мажорнымі джыпамі па бездарожжы ідуць ці едуць на аслах цэлыя сем'і, часта з немаўляткамі на руках. На азёрах мурзатыя дзеці спрабуюць прадаць турыстам хаця б нешта. Так сабе ўражанне, канешне.



Па дарозе нас некалькі разоў спыняла турыстычная паліцыя, якая старанна правярала мае дакументы і перапісвала дадзеныя. Улады моцна турбуюцца за бяспеку турыстаў, у будучыні мне нават давядзецца ездзіць з паліцэйскім эскортам. У Пакістане існуе некалькі рэгіёнаў, куды цалкам забаронены ўезд турыстам.
Яшчэ адна цікавая пакістанская адметнасць — знакамітыя цюнінгаваныя фуры, упрыгожаныя самым неверагодным чынам. У Пакістане існуе шмат спецыяльных майстэрняў, якія робяць з грузавікоў сапраўдныя творы мастацтва. Выглядае настолькі прыгожа і незвычайна, што гэтай тыпова пакістанскай традыцыі прысвечаны адмысловы стэнд у Нацыянальным этнаграфічным музеі ў Ісламабадзе.


Па дарозе ў Скарду я спецыяльна застопіў такую фуру… і даволі хутка пашкадаваў. Яно канешне вельмі экзатычна выглядае, але звычайна перагружанае, і па разбітых серпантынах ледзьве паўзе 25−30 км/г. Па выніку адлегласць у 140 кіламетраў заняла нам каля васьмі гадзінаў, разам з перапынкамі на паесці, памаліцца і адпачнуць. У Скарду я прыехаў глыбокай ноччу, а таму кіроўца прапанаваў пераночыць у фуры на спальным месцы, а сам лёг спаць на сядзеннях. Цікавы і незвычайны досвед, але больш у Пакістане фуры я не стопіў.
Шыіцкае свята са збіццём і «парк высокіх тэхналогій» у невялікім гарадку
Скарду — адзін з самых важных цэнтраў турызму ў краіне. Там мяне чакаў хост па каўчсёрфінгу, уладальнік невялікай гасцініцы. Ён бясплатна прымаў у сябе падарожнікаў, якія пісалі яму праз гэты сайт. Я з такім сутыкаўся раней у Індыі і Непале, галоўнае каб ты пасля напісаў добры водгук. Агулам каўчсёрфінг выдатна працуе ў Пакістане, нават у самых маленькіх вёсачках можна спыніцца ў падобных гэст-хаўсах. Пакістанцы надзвычай гасцінныя і адкрытыя, асабліва на кантрасце з Кітаем я быў проста ў захапленні. Часам можна патрапіць у зусім простыя ўмовы, спаць на падлозе пад кандыцянерам, а часам патрапіць у сапраўдны люкс.


Калі я прыехаў у Скарду, там быў выходны — нейкае важнае шыіцкае свята. Шыізм — другі па колькасці прыхільнікаў кірунак іслама пасля сунізма. Калі моцна спрошчваць, то гэтыя плыні іслама адрозніваюцца тым, каго яны вызнаюць сапраўднымі пераемнікамі прарока Мухамеда. Шыітаў значна менш, усяго каля 20% сярод усіх мусульманаў.
Але іх цэрымоніі больш відовішчныя, з рознымі зусім экзатычнымі элементамі. На адну з такіх я і патрапіў проста на вуліцах Скарду, калі сотні мужчынаў білі сябе ў грудзі пад завадны біт. Гэта выглядае не проста незвычайна, але нават трохі крыпова і крынжова. Праз некалькі месяцаў у Іраку, у галоўных свяшчэнных гарадах усіх шыітаў я пабачу яшчэ больш незвычайныя традыцыі.
Патусаваўся на шыіцкім свяце, схадзіў на форт над горадам. На наступны дзень пайшоў у хайкінг на пакістанскі «Язык Троля», па дарозе на яго пазнаёміўся з польскімі альпіністкамі. Разгаварыліся за жыццё, яны добра ведаюць што адбываецца ў Беларусі і вельмі нам спачуваюць.
Месца неверагодна прыгожае, зрэшты як хіба што ўсё ў Паўночным Пакістане. Краявіды проста фантастычныя!


Пасля яны з гідам падвезлі мяне назад у мястэчка, дзе я выбраўся паглядзець скалу з барэльефамі Будды. Буддызм быў распаўсюджаны ў гэтым рэгіёне значна раней іслама, але на жаль не так шмат захавалася месцаў дзе можна гэта пабачыць. У суседнім Афганістане талібы ўзарвалі некалькі велізарных статуяў Будды ў 2001 годзе, негледзячы на ўсе пратэсты сусветнай грамадскасці. Гэтае месца я пабачу трохі больш чым праз месяц.
Як жа моцна я быў здзіўлены, калі пабачыў у гэтым мястэчку невялічкі «парк высокіх тэхналогіяў», месца дзе працуюць розныя стартапы і ладзяцца бясплатныя курсы для ўсіх жадаючых «увайсці ў айці». Насельніцтва Скарду — каля 260 тыс. чалавек, гэта прыблізна як два нашых Пінска. Па пакістанскіх мерках гэта зусім маленькі гарадок, у краіне якая па плошчы большая Беларусі амаль у чатыры разы, колькасць насельніцтва перавышае нашую ў амаль 28 разоў! Улічваючы такія прапорцыі, Скарду можна параўнаць з нашым райцэнтрам на 10 тыс. чалавек, якім-небудзь Мсціслаўлем. Ці можаце вы сабе ў'явіць там «парк высокіх тэхналогіяў»?!
У адзін з дзён у нашым гатэліку, дзе мяне прымаў па каўчсёрфінгу ягоны ўладальнік, з’явіўся іншы падарожнік. Краем вуха я пачуў, як ён расказваў нашаму хосту што сам з Расіі. Слова за слова, разгаварыліся з Лёшам. Той здае кватэру недзе ў Падмаскоўі і за гэтыя сродкі вандруе ўжо шмат гадоў. Спытаў мяне, дзе знайсці банкамат, каб зняць грошы. А на наступны дзень паскардзіўся, што чамусці не можа зняць рупіі з казахскай карткі. І ці не мог бы я яго выручыць, маўляў ён можа купіць для мяне нешта ў інтэрнэце, а я аддам яму наяўнымі. Мне нічога не было патрэбна, але я вырашыў яму дапамагчы і даў 10 даляраў. На першы час хопіць, Пакістан вельмі танная краіна. А там можа з казахскім банкам разбярэцца. Сёння я дапамагу, заўтра нехта дапаможа мне.
Аўтастоп, апоўзні і трактары «Беларус»
Мой далейшы шлях пралягаў у сталіцу краіны — Ісламабад. Гэта 700 км па серпантынах, цэлы дзень у дарозе. Таму прачнуўся яшчэ зацемна, каб на світанку быць на выездзе з горада. Надвор’е было кепскім, накрапваў дробны дождж, але я вырашыў усё ж рызыкнуць. У той дзень аўтастоп не быў найлепшым, я паволі ехаў шматлікімі машынамі на невялікія адлегласці.
На здзіўленне, амаль кожны кіроўца ведаў пра Беларусь, аказваецца беларускія трактары вельмі папулярныя у Пакістане. Іх таксама ўпрыгожваюць як і фуры, выглядае гэта неверагодна. У іх нават ёсць групы ў сацсетках, прысвечаная трактарам «Беларус». Якіх толькі дзівосаў не бывае на свеце!




Марудна перасоўваючыся наперад, я уткнуўся ў вялікі корак. Аказалася, што дарога перакрытая з-за апоўзеня. Недзе гадзіны паўтары чакалі пакуль прыедзе спецтэхніка, якая расчысціць завалы. Праехалі яшчэ недзе кіламетраў пяцьдзесят — і зноў апаўзень, але ўжо куды больш сур’ёзны.




Вырашыў не чакаць, а паспрабаваць неяк перайсці яго пешкі. Перайсці перайшоў, але ж які сэнс у гэтым, калі з таго боку ніхто не едзе ў патрэбным мне кірунку. І тут невялікая група мінакоў літаральна перанесла праз апоўзень матацыкл. Я махнуў яму нават не разлічваючы на поспех. Мужчына спыніўся і паказвае давай сядай хутчэй, я моцна спяшаюся. Так я праехаў цэлых 80 кіламетраў на матацыкле разам з дзьвумя заплечнікамі пад дажджом і ветрам.


Выбраўся на Каракарумскую шашу, ну думаю цяпер усё будзе добра. Зараз прамую машыну да сталіцы злаўлю. Ага, куды там! Кіроўца першай жа машыны прапанаваў падвезці да бліжэйшага райцэнтра і там сесці на аўтобус… Бо далей таксама апоўзень і дарога перакрытая. І колькі чакаць невядома, а хутка сцямнее і дождж узмацняецца. «Таму давай-ка я падкіну цябе на аўтастанцыю, белы місцер!», — кажа мне усмешлівы хлопец і частуе папіросаю. Квіток на аўтобус да сталіцы каштаваў 10 даляраў, але калі мы адправімся было невядома. Сказалі далёка не адыходзіць, я акурат паспеў павячэраць і ўжо пачалі махаць што можна сядаць.
У аўтобусе было бітком народу, але для мяне і маіх заплечнікаў месца неяк знайшлі. Там я пазнаёміўся з хлопцамі з добрай ангельскай, праграмістамі з Лахора — другім па велічыні горада Пакістана.
Яны на матацыклах паехалі павандраваць па Паўночным Пакістане, настаў час вяртацца дадому — а тут залева і перакрытыя дарогі. Таму вырашылі далей ехаць аўтобусам, а матацыклы пагрузіць на ягоны дах. У гэтай цудоўнай краіне магчымыя любыя цуды! Іх вельмі цікавіла маё падарожжа, мы шмат і цікава размаўлялі, таму дарога неяк прамінула не так ужо і марудна. Хлопцы далі свае кантакты, падпісаліся ў Instagram і запрасілі на вячэру ў Лахоры.
Ехалі мы ўсю ноч, некалькі разоў на блокпастах у мяне правяралі дакументы. Разам з перапынкамі падарожжа аўтобусам заняло каля 16-ці гадзін, агулам жа дарога са Скарду да Ісламабада заняла мне амаль 30 гадзін.
На аўтастанцыі ў Ісламабадзе я ўпершыню ў жыцці пабачыў, як грузчыкі літаральна на сваім гарбу зносяць матацыкл па драбіне з даха аўтобуса, ды яшчэ і пад дажджом. Відовішча не дзеля слабых нервамі! Я быў моцна стомлены, сеў у таксі і паехаў у хостэл.
У наступнай серыі я раскажу вам пра сустрэчу з беларускай у Ісламабадзе, пра містычную цэрымонію суфіяў у Лахоры і пра такое, як мяне «узялі за тое што я быў белым у пятніцу ўвечары» ў Мультане.
Чытайце таксама


