Днямі ў адной з мінскіх кавярняў сеткі Varka ўзнік канфлікт. Гаспадар кавярні запатрабаваў у кліенткі прыбраць ноўтбук або перасесці за спецыяльны стол, тая не пагадзілася. У выніку разгарэлася сварка, і дзяўчына сышла з установы. Сетка Varka не адзіная ў краіне, дзе да наведнікаў з ноўтбукамі ёсць свае патрабаванні. Напрыклад, у сакавіку мінская пякарня LЁN таксама забараніла імі карыстацца. Але ці могуць уладальнікі кавярняў уводзіць такія табу і правілы? «Люстэрка» спытала ў юрыста.
Імя суразмоўніцы змененае дзеля яе бяспекі.
Юрыстка з 15-гадовым стажам Ганна тлумачыць, што сітуацыя, калі чалавека, які сядзіць у кавярні за ноўтбукам, просяць схаваць прыладу ці выйсці, неадназначная. Чаму? Тут варта разабраць некалькі момантаў.
Кіраўніцтва ўстановы мае права ўводзіць свае правілы наведвання. Гэта рэгулюецца арт. 11 Закона «Пра дзяржаўнае рэгуляванне гандлю і грамадскага харчавання».
— Там прапісана, што падчас арганізацыі грамадскага харчавання суб’екты самастойна могуць акрэсліваць асартымент, меню, пералік паслуг <…> і іншыя ўмовы арганізацыі ажыццяўлення грамадскага харчавання, — прыводзіць вытрымкі з дакумента Ганна. — Выгляд наведнікаў ці ноўтбукі могуць падпадаць пад «іншыя меры».
Пры гэтым, адзначае юрыстка, калі ўстанова ўводзіць нейкія асаблівыя патрабаванні, іх павінныя аформіць пісьмова. То-бок прапісаць у правілах унутранага распарадку. Называцца такі пералік можа па-рознаму, напрыклад, «Правілы наведвання» або, дапусцім, «Правілы паводзін». Зацвярджае іх дырэктар кавярні або юрыдычная асоба, якой яна належыць.
А вось інфармацыі пра тое, як менавіта пра гэтыя «асаблівыя правілы» павінныя паведамляць наведнікам, у законе няма.
— Відавочна, калі ўстанова хоча, каб такія патрабаванні выконваліся, іх мусяць размясціць у агульнадаступным месцы, — кажа спецыялістка. — Гэта дазваляе кліенту з імі пазнаёміцца і вырашыць для сябе, згодны ён на заключэнне публічнай дамовы на аказанне яму паслуг грамадскага харчавання ці не.
Што можа быць такім даступным месцам? Напрыклад, шыльда на дзвярах або налепкі на століках.
З гэтым момантам усё зразумела. Аднак, працягвае Ганна, ёсць у сітуацыі з ноўтбукамі ў кавярнях і падводныя камяні. Ці не будзе абмежаванне карыстання імі парушаць заканадаўства?
— Проста гэта нідзе не забаронена, але, як я лічу, часам трэба ўключаць логіку і здаровы сэнс. Пагадзіцеся, калі ў законах не адзначана, што, напрыклад, у тэатр нельга прыходзіць у бруднай форме шахцёра, то гэта не значыць, што ў тэатр трэба дапускаць людзей у такой вопратцы, — тлумачыць сваю пазіцыю юрыстка. — І такіх сітуацый насамрэч шмат. Напрыклад, нідзе не прапісана, што чалавек не можа спаць у кавярні або што двухгадовае дзіця нельга прывесці ў стрыптыз-клуб. Гэта ўмовы, якія непасрэдна выстаўляе сам пункт грамадскага харчавання ці забаўляльная ўстанова і робіць іх аднолькавымі для ўсіх. На маю думку, сітуацыя з ноўтбукамі ў кавярні — дакладна такая ж гісторыя.
Да таго ж, адзначае суразмоўніца, асабліва калі гаворка ідзе пра вялікія гарады, там відавочна не адна кавярня. То-бок калі правілы нейкай установы чалавеку не падыходзяць, ён можа пайсці ў іншую. Тут кожны вырашае сам. Робячы заказ, кліент заключае дамову з установай.
— А далей — выконваючы яе, важна ўлічваць такія паняцці, як разумнасць і добрасумленнасць (арт. 9 Грамадзянскага кодэкса), — тлумачыць Ганна. — Па якую паслугу мы прыходзім у пункт грамадскага харчавання? Паесці ці выпіць кавы. Зразумела, што ў кавярні ад вас не могуць патрабаваць, каб вы, умоўна, з’елі талерку супу за 20 секунд. Калі чалавек заказвае кубак кавы і сядзіць ва ўстанове ўвесь працоўны дзень, ён фактычна не па напой прыйшоў, а па бясплатныя паслугі каворкінгу. Таму ў спрэчцы, што ўзнікла нядаўна ў мінскай кавярні, я на баку ўладальніка ўстановы.
Ганна не адмаўляе, што, магчыма, калегі-юрысты з ёй у гэтым падыходзе не пагодзяцца. У любым выпадку ў кліента, які застаўся незадаволены, заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца са скаргай у таварыства абароны правоў спажыўцоў, у суд, у выканкамы ці адміністрацыі раёнаў. У апошніх за такія пытанні адказваюць аддзелы, што займаюцца гандлем і грамадскім харчаваннем.
— Калі чалавека нешта не задавальняе, ён піша: «Я не згодны з тым і тым. Прашу правесці праверку і пакараць», — адзначае адвакатка. — Я, дарэчы, спецыяльна паглядзела судовую практыку. У суд з такімі скаргамі (на канфлікты праз ноўтбукі ў кавярнях. — Заўв. рэд.) яшчэ ніхто не звяртаўся.
Чытайце таксама