Чатырох грамадзян Латвіі, затрыманых 26 ліпеня падчас перасячэння беларускай мяжы па дарозе на фестываль у Браслаў, адпусцілі з-пад варты, яны ўжо ў сябе на радзіме. Пра гэта паведамілі ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1».
Кампанія (тры дзяўчыны і хлопец) была затрыманая 26 ліпеня падчас спробы заехаць у Беларусь на аўтамабілі праз пункт пропуску «Грыгароўшчына». У салоне іх легкавіка беларускія памежнікі, паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, знайшлі пакецік з марыхуанай.
Тры дні замежнікаў пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання і 29 ліпеня выпусцілі пад падпіску пра нявыезд. Спачатку яны жылі ў арандаванай кватэры, потым — у гатэлі ў Наваполацку.
Па крымінальнай справе былі прызначаныя дзве экспертызы: генетычная і наркатычных сродкаў. Эксперты сцвердзілі: ніхто з затрыманых не ўжывае наркотыкаў. Іх слядоў на пакунку не знайшлі.
— Правядзенне экспертызаў даручылі найбольш дасведчаным экспертам, якія маюць стаж працы не менш за 20 гадоў. Падчас правядзення экспертыз выкарыстоўваліся сучасныя методыкі і абсталяванне, што дазволіла правесці даследаванне з высокай дакладнасцю і ў максімальна кароткія тэрміны. Падчас правядзення экспертыз наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь, не выявілі, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі па Віцебскай вобласці Юрый Казлоў.
Адзначым, што раней у эфіры «Беларусь 1» начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Шкурко расказаў, што экспертыза знойдзенага ў салоне аўтамабіля рэчыва паказала, што гэта «небяспечны наркатычны сродак — марыхуана» вагой 0,82 грама.
Грамадзян Латвіі адпусцілі, яны ўжо ў сябе на радзіме.
Чытайце таксама