У Беларусі закрываецца яшчэ адна прыватная ВНУ — Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці (ІПД). Пра гэта паведамляецца на сайце навучальнай установы.
«Заснавальнікам і кіраўніцтвам ІПД прынятае рашэнне спыніць адукацыйную ліцэнзаваную дзейнасць з 1 верасня 2024 года. У сувязі з гэтым ІПД не будзе ажыццяўляць прыём абітурыентаў у 2024 годзе», — гаворыцца ў паведамленні.
У ІПД адзначылі, што, каб далей вучыцца па абранай спецыяльнасці, усе студэнты будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ.
«Кіраўніцтвам ІПД і заснавальнікам распрацоўваецца план мерапрыемстваў, скіраваных на забяспечанне пераводу навучэнцаў. Інфармацыя пра канкрэтныя ўстановы адукацыі, у якія плануецца перавод, будзе загадзя даведзеная да кожнага студэнта праз старастаў навучальных груп і іншымі спосабамі», — дадалі ў ВНУ.
Нагадаем, тыдзень таму стала вядома пра закрыццё іншай беларускай прыватнай ВНУ — «БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій».
Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці з’явіўся ў 1992 годзе з ініцыятывы Навукова-тэхнічнага таварыства будаўнікоў Беларусі. У 1993 годзе ў арандаваных класах беларускай палітэхнічнай акадэміі, палітэхнікума і архітэктурна-будаўнічага тэхнікума ў камерцыйным інстытуце вучалася 300 чалавек. На выхадзе па заканчэнні чатырох гадоў яны атрымлівалі дыпломы менеджэраў-камерсантаў у розных сферах народнай гаспадаркі і прадпрымальнікаў у малым і сярэднім бізнесе.