З 25 чэрвеня падаць дакументы ў польскія ВЦ у Гродне і Лідзе змогуць толькі тыя беларусы, у якіх ёсць рэгістрацыя па месцы жыхарства ў Гродне і Гродзенскай вобласці, паведамляецца на сайце VFS Global.
«З 25 чэрвеня 2024 года грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць падаць дакументы ў візавых цэнтрах Польшчы ў Гродне і Лідзе ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (пастаянная рэгістрацыя/штамп у пашпарце). Рэгістрацыя па месцы знаходжання (часовая рэгістрацыя) — не падстава падачы дакументаў па іншай юрысдыкцыі, адрознай ад рэгістрацыі па месцы жыхарства (пастаяннай), за выключэннем выпадкаў, калі заяўнік можа пацвердзіць, што сапраўды вучыцца, працуе, мае іншыя падставы доўгатэрміновага пражывання (пацверджаннем будуць арыгіналы дакументаў)», — гаворыцца ў паведамленні.
У VFS Global адзначылі, што, такім чынам, беларусы змогуць падаваць дакументы толькі ў візавых цэнтрах Польшчы, якія адпавядаюць юрысдыкцыі месца іх прапіскі.