Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Нядаўна грамадзянка Латвіі Вольга Чарняўская папрасіла прытулку ў Беларусі, заявіўшы, што на радзіме яе чакае турма. Дзяржмедыя прадстаўляюць яе як «экс-кандыдатку ў дэпутаты Еўрапарламента», а сама жанчына ахвотна і шмат расказвае на тэлебачанні, як на Захадзе кепска. Гэта не новая схема беларускай прапаганды: з Еўрасаюза да нас пераязджаюць у асноўным прарасійскія актывісты, якія падтрымліваюць вайну Расіі з Украінай, COVID-дысідэнты, прыхільнікі СССР і незадаволеныя мігрантамі. Увогуле, у асноўным гэта еўрапейцы няпростага лёсу. Тое самае можна сказаць і пра Чарняўскую — расказваем пра гэтую новую спікерку дзяржТБ, якая скардзіцца на «жудасны Захад». Забягаючы наперад, скажам, што нелюбоў жанчыны да краін ЕС і ЗША лёгка тлумачыцца: за мяжой у яе было нямала праблем з законам.

Як варажбітка з Рыгі пайшла ў палітыку на «знак Сусвету»

Вользе Чарняўскай 41 год, хатняя гаспадыня з адукацыяй бухгалтара жыла ў Рызе і сапраўды балатавалася на выбары ў Еўрапарламент ад «Объединения „Младолатыши“» (папулісцкая партыя, якая выступае супраць скарачэння абароту наяўных грошай, закрыцця вясковых школ, супраць прапаганды LGBT+ і хаатычнага прытоку мігрантаў, а таксама за тое, каб ЕС кампенсаваў нанесеныя Латвіі страты, звязаныя з закрыццём прадпрыемстваў і мясцовых банкаў; атрымала 2,13% галасоў выбаршчыкаў на апошніх выбарах у Еўрапарламент). Усе публікацыі латвійскага грамадскага медыя пра жанчыну звязаныя толькі з гэтым фактам. Знайсці ў СМІ гэтай краіны што-кольвек пра меркаваныя пагрозы Чарняўскай нам не ўдалося — падобна, што за яе фразай «у Латвіі мне турма» нічога не стаіць.

Ольга Чернявская в программе «Актуальное интервью» на телеканале «Беларусь 1», июнь 2024 года. Скриншот: «Беларусь 1»
Вольга Чарняўская ў праграме «Актуальнае інтэрв'ю» на тэлеканале «Беларусь 1», чэрвень 2024 года. Скрыншот: «Беларусь 1»

Сама сябе жанчына і маці двух дзяцей лічыць блогеркай і грамадскай дзяячкай, летась працавала настаўніцай і кіраўніцай офіса адной з дацкіх кампаній, раней — коўчам. У інтэрв'ю яна прызнавалася, што вельмі любіць магію і разбіраецца ў картах Таро — займалася гэтым шмат гадоў і нават атрымлівала грошы за такую «працу». А яшчэ восем гадоў пражыла ў ЗША (там, з яе словаў, быў стартап), паўтара года ў Мексіцы і паўгода ў Ірландыі.

Мае «ступень бакалаўра па касмаэніяпсіхалогіі» і адпаведны выдадзены ў Латвіі дыплом. Спецыяльнасць «касмаэніяпсіхолаг» — гэта, паводле Чарняўскай, «псіхалогія разам з эзатэрыкай — кішміш такі (дэсертны гатунак вінаграду з вельмі дробнымі, амаль незаўважнымі костачкамі. — Заўв. рэд.)». Сама яна расказвала, што на выбары ў Еўрапарламент яе запрасілі са згаданага «Объединения „Младолатыши“», дзе пераканалі, што для гэтага не трэба асаблівай кваліфікацыі і палітычнага досведу. Напярэдадні ў Чарняўскай якраз скончыліся грошы, і яна вырашала, заставацца працаваць у Латвіі ці з’язджаць. Вольга, паводле яе словаў, папрасіла ў Сусвету даць ёй знакі і скіраваць — такім сігналам ад космасу яна палічыла тое самае запрашэнне ад партыі.

Скриншот с сайта преподавателя «космоэниопсихологии» и автора специального «элитарного семинара» по этой теме Алексея Игнатенко. Источник: albertignatenkoprof.com
Скрыншот з сайта выкладчыка «касмаэніяпсіхалогіі» і аўтара спецыяльнага «элітарнага семінара» на гэтую тэму Аляксея Ігнаценкі, які і выдаў дыплом Вользе Чарняўскай. Крыніца: albertignatenkoprof.com

Да свайго паходу ў палітыку сацсеткі Вольга вяла то па-англійску, то па-руску (нічога па-латышску знайсці не ўдалося) і спрабавала набраць папулярнасць як Instagram-блогерка. Але не выйшла. Больш папулярным, з яе ж словаў, стаў палітычны TikTok жанчыны. У сацсетках яна дазваляла сабе матам зневажаць латвійскіх чыноўнікаў, падтрымлівала расійскія наратывы і віншавала гледачоў з Днём Расіі. Як сцвярджае беларуская прапаганда, латвійская Служба дзяржбяспекі пачала праверку ў дачыненні да Чарняўскай.

Не прайшла на выбарах і збегла ў Беларусь — але што было да гэтага ўсяго?

На выбарах у Еўрапарламент, якія адбыліся 6−9 чэрвеня, Вольга не прайшла. Такім вынікам, мяркуючы з сацсетак, жанчына была незадаволеная. У Беларусь яна перабралася прыкладна ў той жа час. Сустракаў яе Раман Самуль, які пераехаў амаль два гады таму і называе сябе «заснавальнікам супольнасці „Латышы Беларусі“». Цяпер, відаць, у гэтай арганізацыі як мінімум тры чалавекі: Вольга, Раман і яго жонка.

Во время интервью Ольги Чернявской гостелеканалу «Беларусь 1», июнь 2024 года. Скриншот: YouTube/rsamultv
Падчас інтэрв'ю Вольгі Чарняўскай дзяржтэлеканалу «Беларусь 1», чэрвень 2024 года. Скрыншот: YouTube/rsamultv

Але што яшчэ ёсць у біяграфіі новай беларускай «латышкі» (Вольга, дарэчы, паводле нацыянальнасці руская), акрамя дыплома «касмаэніяпсіхолага», спробы стаць «трэнеркай багацця» і ўдзелу ў выбарах?

Аказваецца, пакуль жанчына жыла ў ЗША, яе там затрымлівалі і судзілі, пра гэта расказваў латвійскі блогер Мікіта Кліменцьеўс. Так, у траўні 2013-га тады яшчэ 29-гадовую Вольгу арыштавала паліцыя ў горадзе Кліруотэр у Флорыдзе (тады ў яе, відаць, канфіскавалі 500 даляраў). Прычынай стаў хатні гвалт і парушэнне міграцыйнага заканадаўства, то-бок, імаверна, у жанчыны не было дакументаў для легальнага знаходжання ў ЗША.

З дня гэтага затрымання Вольгі пачаліся звязаныя з ёю суды. Пра іх яна калісьці сама расказвала ў відэа — фрагмент публікаваў усё той жа Кліменцьеўс. Тады грамадзянка Латвіі была прыкметна маладзейшай і мела кароткую прычоску — блогер звязваў гэта з яе затрыманнем, маўляў, пастрыглі налыса перад змяшчэннем у турму. Сама ж Вольга расказвала, што для стрыжкі было шмат прычын, сярод якіх і тое, што «валасы назапашваюць шмат негатыўнай энергіі».

Чарняўская на відэа пра суды згадвае, што ёсць тры звязаныя з ёю справы: адна крымінальная, іншая датычыць апекі над дзіцем, а трэцяя — міграцыі. І ўсе яны пераплеценыя. Мяркуючы са звестак амерыканскай судовай інтэрнэт-платформы, суды ішлі ў 2014−2022 гадах і датычылі акурат таго, пра што казала жанчына. Што да апекі, то яна судзілася за дзіця з нейкім Брэнданам Раманэкам — відаць, першым мужам. Сама Вольга расказвала, што жыла ў ЗША за прэзідэнтамі Баракам Абамам і Дональдам Трампам. З гэтага можна зрабіць выснову, што яна выехала з краіны (альбо была высланая) да пачатку 2021-га.

Ольга Чернявская в октябре 2013 года. Скриншот: YouTube / Olga Cernavska
Вольга Чарняўская ў кастрычніку 2014 года. Скрыншот: YouTube / Olga Cernavska

Блогер Кліменцьеўс лічыць, што ў ЗША ў Чарняўскай, відаць, праз хатні гвалт, забралі права на апеку над дачкой Седонай. Пасля першы муж дазволіў з ёю бачыцца, а яшчэ адно дзіця нарадзілася ў жанчыны ад другога мужа. Цяпер на відэа Вольгі з Беларусі няма мужа, а каментатарам у інтэрнэце на пытанні пра сваіх дзяцей яна адказвала матам і без канкрэтыкі, прапаноўваючы ім шукаць уласных дзяцей на OnlyFans — гэта сэрвіс падпіскі на кантэнт, дзе шмат платных матэрыялаў з аголеным целам.

Чаму Чарняўская апынулася ў Беларусі

Яшчэ вясной жанчына не ведала, чым зоймецца ў выпадку няўдачы на выбарах у Еўрапарламент. А цяпер яна ў Беларусі — відаць, без грошай і як мінімум часткова без сям'і, але затое запатрабаваная мясцовай прапагандай.

Наяўнасць дыплома «касмаэніяпсіхолага» і некалькіх акаўнтаў у сацсетках, дзе Вольга спрабуе вучыць людзей поспеху, трэніраваць «багацце, любоў і ацаленне» (магчыма, гэта той самы «стартап», пра які яна згадвала ў аповедзе пра сваю прафесійную дзейнасць, — на шэсць падпісчыкаў у Instagram), дапамагаць «знайсці магію ўнутры і вакол вас» і расказваць пра выбары прэзідэнта Расіі ў Латвіі, можа сведчыць пра тое, што жанчына доўга шукала сябе ў кардынальна розных сферах. І пакуль знайшла ў тым, што запісвае прарасійскія відэа з пераходам на крык і лаянку ў TikTok, дзе дзякуючы гэтаму набрала крыху больш за пяць тысяч падпісчыкаў.

Ольга Чернявская и актер Николас Кейдж, США, октябрь 2016 года. Фото: Instagram/olgacernavska_luckycharm
Вольга Чарняўская і актор Нікалас Кейдж, ЗША, кастрычнік 2016 года. Фота: Instagram/olgacernavska_luckycharm

Гісторыя Чарняўскай, якая лічыць вакцынацыю ад каранавіруса прычынай бясплоддзя і сцвярджае, што ў латвійскіх дзіцячых садках прапагандуюць педафілію, нагадвае іншых мігрантаў з краін Балтыі, якіх, бывае, паказваюць па беларускім дзяржТБ. У асноўным гэта рускамоўныя людзі з еўрапейскімі пашпартамі, якія паўтараюць прапагандысцкія штампы з РФ. Мяркуючы з наяўных кейсаў, ім нават не заўсёды даюць прытулак у Беларусі: адна з такіх дзяячак таксама з Латвіі, напрыклад, неўзабаве пасля пераезду ў нашую краіну выправілася ў Расію, сваім месцам жыхарства называе акупаваны Данецк і таксама вядзе прапагандысцкія акаўнты ў сацсетках.

Можна меркаваць, што, пакуль гэта новая для беларускіх дзяржмедыя персона, Чарняўскую будуць выкарыстоўваць для таго, каб яна хваліла Аляксандра Лукашэнку і ягоную ўладу, асуджала «еўрапейскія каштоўнасці». А потым яна таксама можа апынуцца ў Маскве ці на акупаваным Данбасе.

Чытайце таксама