Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Ты сто человек таких увидишь за день». Беларусы, которых вербовал КГБ, рассказали, как узнать «агента» и не сказать случайно лишнего
  2. Кочанова вспомнила нашумевший закон, которым населению отомстили за 2020 год, и озвучила, кто следующий в очереди на «урегулирование»
  3. У 44 гады памёр палітвязень з Быхава
  4. Дело пропавшей спикерки КС засекретили? «Зеркало» получило ответ из Национальной прокуратуры Польши
  5. «Мы не придурошная Европа». Пропаганда бросилась защищать взорвавшую соцсети идею Лукашенко переселить в Беларусь 150 тысяч пакистанцев
  6. Лукашенко рассчитывал, что жесткий контроль цен станет «уникальной операцией». В закрытом документе ему объяснили, чем это аукнулось
  7. Почему идея Лукашенко позвать пакистанцев взорвала соцсети, а власть так быстро перешла к угрозам и «покаянным» видео? Спросили социолога
  8. Сначала — супердоступ силовикам, а теперь — запуск посредника при заказах из зарубежных интернет-магазинов. У чиновников — новая идея
  9. Лукашенко съездил в Шклов и нашел то, что будут «лепить по всей Беларуси»
  10. Силовики начали задерживать беларусов за комментарии о пакистанцах и публиковать «покаянные» видео
  11. Помните парня, бежавшего за водометом в 2020-м? Его искали силовики, но нашли журналисты «Зеркала» — поговорили с ним
  12. Если вы гадаете, бежать за дешевым долларом или подождать еще, чтобы его курс упал больше, то для вас есть прогноз эксперта
  13. «Я решил положить конец этим мегерам». Рассказываем, как убежденный антифеминист однажды убил 13 студенток и сотрудницу университета
  14. Забывчивым беларусам пригрозили «административкой» — кто и за что на этот раз
  15. Чиновники решили взяться за еще одну категорию работников, но после волны возмущения людей от некоторых новшеств отказались
  16. Путин заявил о готовности заморозить конфликт по линии фронта и отказаться от претензий на некоторые украинские территории — с какой целью
  17. БелЖД предложила Литве, Латвии и Польше возобновить прямое пассажирское сообщение
Читать по-русски


У чацвер, 18 красавіка, Камітэт па бяспецы і нацыянальнай абароне Сейма Літвы ўхваліў прапанову абмежаваць колькасць паездак на радзіму беларусаў з відам на жыхарства. Калі парламент пагодзіцца з прапановай, то наведваць Беларусь можна будзе толькі раз на тры месяцы. Навошта ўводзяць такія абмежаванні для беларусаў, якія жывуць у Літве, і ці звязана гэта з блізкімі выбарамі прэзідэнта, дэпутатаў Сейма і Еўрапарламента? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з палітолагам і кіраўніком літоўскага офіса Freedom House Віцісам Юрконісам.

Витис Юрконис, политолог и директор литовского Freedom House. Фото: delfi.lt
Віціс Юрконіс, палітолаг і дырэктар літоўскага Freedom House. Фота: delfi.lt

Толькі лічбы

Беларусы на другім месцы пасля ўкраінцаў па колькасці выдадзеных ВНЖ у Літве. Паводле звестак на 1 красавіка 2024 года, іх у краіне 62 884 чалавекі. Усяго від на жыхарства ў Літве ёсць у 216 682 замежнікаў.

«У Літве, на жаль, перад выбарамі падымаецца тэма міграцыі»

— Чаму ў літоўскім Сейме і ў Дэпартаменце дзяржбяспекі апошнія некалькі гадоў перыядычна ўзнікаюць прапановы зрабіць больш жорсткімі ўмовы для грамадзян нашай краіны? Рэч у росце пагрозы з боку беларусаў для Літвы ці літоўскія палітыкі выкарыстоўваюць беларускае пытанне для павелічэння сваіх рэйтынгаў напярэдадні выбараў?

— Я не адмаўляю, у Літве, на жаль, як і ў многіх іншых краінах, перад выбарамі падымаецца тэма міграцыі. Але адразу хочацца адзначыць: Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі — не палітычная інстытуцыя.

На маю думку, калі казаць менавіта пра гэтыя меры абмежавання па перасячэнні мяжы для грамадзян Беларусі і Расіі, то ўсё ж яны звязаныя з пытаннямі бяспекі. Так, у тым ліку з рыторыкай Лукашэнкі і Крамля, але не толькі. У Літве развіваецца інфраструктура NATO і вайсковая індустрыя. Таму папераджальныя меры таксама будуць рабіцца больш строгімі. Бо Літва адказвае за бяспеку вайсковых аб’ектаў.

Калі ў чалавека гуманітарны ВНЖ, то ён і так не мог вяртацца дадому. У гэтым плане ніякіх зменаў няма. Трэба адзначыць, што, на жаль, выпадкі, калі людзі, якія маюць гуманітарны ВНЖ, ездзілі ў краіны свайго паходжання, усё ж былі. І яны маюць адмоўны эфект, бо гэта парушэнне падставы, на якой чалавек атрымліваў ВНЖ. У выніку ведамствы больш патрабавальна разглядаюць заяўкі на ВНЖ на гуманітарных падставах. Міграцыйная палітыка рэагуе не толькі (і не столькі) на нашыя словы, але на тое, што паказваюць факты.

Мала таго, акцэнты таксама важныя. Ці ўяўнае ўспрыманне, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, што там дагэтуль імкнуцца вербаваць людзей? Ці гэта непазбежная рэальнасць? І калі так, то ці не мае рацыі Літва, уводзячы пэўныя абмежаванні?

Бо Літва дакладна тое сама кажа і сваім грамадзянам: не падарожнічайце ў Беларусь, гэта краіна з дыктатарскім рэжымам, і ездзіць туды небяспечна, нават калі мэта — наведаць родных ці магілы.

І самі беларусы добра ведаюць, што беларускія ведамствы займаюцца рэкетам: данаціў фондам салідарнасці — заплаці ў дзесяць разоў больш. Падаецца, нібы няма жадання вырашыць праблемы і змагацца з беззаконнем рэжыму, замест гэтага ёсць здзіўленне абмежаванням і папрокі Літве.

Вильнюс. Вежа Гедымина. 4 ноября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Вільнюс. Вежа Гедыміна. 4 лістапада 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— Якую колькасць беларусаў, што жывуць у Літве, могуць закрануць абмежаванні, звязаныя з немагчымасцю (часта ці зусім) наведваць Беларусь? Якія гэта сацыяльныя групы?

— З тых лічбаў, якія былі агучаныя, гэта, па вялікім рахунку, не датычыць беларускіх дэмакратаў (бо яны не маглі вяртацца і да гэтага) і кіроўцаў грузавых аўтамабіляў (для іх прапануецца зрабіць выключэнне).

А для ўсіх астатніх паездка раз на квартал выглядае як нейкае кампраміснае рашэнне замест жорсткіх прапановаў наогул забараніць ім паездкі ў Беларусь. Іншае пытанне — як гэта ўсё будзе рэгулявацца.

Так ці інакш з такімі абмежаваннямі, здаецца, можна жыць. Гэта не катастрофа. Дадам, што яшчэ не факт, што ўсе прапановы будуць прынятыя Сеймам у поўным аб’ёме.

«З 1990-х гадоў мы яшчэ не былі ў такім становішчы, як цяпер»

— Беларус пражыў у Літве 17 гадоў, але яму не даюць ВНЖ праз тое, што 20 гадоў таму ён служыў у беларускім войску. Чаму раней такія людзі не былі праблемай, але цяпер сталі пагрозай нацыянальнай бяспецы? Чаму часам на ўзроўні тых, хто прымае рашэнні, няма разумення, што служба ў войску шмат гадоў таму не азначае аўтаматычна працы на беларускі рэжым сёння?

— Індывідуальныя сітуацыі вельмі складана каментаваць з боку. У выпадку адмовы мы звычайна ведаем толькі публічную інфармацыю (яе часта дае сам чалавек, які атрымаў адмову). Мы не ведаем, ці поўная яна. Можна меркаваць, што часам — так, а часам — не зусім.

Калі абмяркоўваць больш шырокае пытанне пра тое, што ж змянілася за тыя 17 гадоў, якія згаданы вамі беларус жыў у Літве, то, як я ўжо адзначаў раней, змены крытычныя. З 1990-х гадоў мы яшчэ не былі ў такім становішчы, як цяпер. Мы дакладна не жывём у тых умовах, у якіх жылі 17 гадоў таму, і гэта дазваляе перагледзець нашыя ўразлівыя месцы.

— У Польшчы, Латвіі і іншых краінах ЕС, дзе цяпер вымушана жывуць грамадзяне нашай краіны, не ўзнікае так шмат прэтэнзій да беларусаў што да іх пагрозы нацыянальнай бяспецы. Чаму гэтае пытанне актуальнае менавіта ў Літве?

— Хочацца акцэнтаваць, што абмежаванні, пра якія вы кажаце, датычаць грамадзян не толькі Беларусі, але і Расіі. Таксама гаворка не ідзе пра забарону на выезд для тых, для каго выезд можа быць бяспечным. Іншае пытанне — наколькі гэта насамрэч бяспечна.

Калі змены будуць прынятыя, то ездзіць у Беларусь будзе можна, але не часцей чым штоквартал. Гэта калі каротка пра факталогію.

Наступнае пытанне — унутраная палітычная дыскусія ў Літве і тое, чаму прасоўваецца міф пра пагрозу ліцвінізму. Нескладана зразумець, чаму нейкія палітычныя сілы выбралі менавіта беларусаў для нападак. Яны думаюць, што з гэтай сацыяльнай групы прасцей будзе стварыць вобраз «чужога і небяспечнага». Гэта велізарная памылка.

Але гэта не значыць, што на тэрыторыі Беларусі цяпер няма нічога сапраўды чужога і небяспечнага. Рэжым Лукашэнкі чужы і небяспечны, як для саміх беларусаў, так і для Літвы.

Іншая памылка — ствараць вобраз Літвы як краіны, настроенай супраць беларусаў у цэлым. Тут абодва бакі бясплатна робяць працу для Крамля.

Калі параўноўваць краіны ЕС паміж сабой, то існуе досыць простая і непасрэдная карэляцыя. Калі краіна мяжуе з Беларуссю ці Расіяй, калі ў яе адрас гучаць пагрозы ад рэжымаў, калі краіна актыўна асуджае рэпрэсіі ў гэтых краінах і расійскія ваенныя злачынствы ва Украіне, то, хутчэй за ўсё, вы ўбачыце, што пазітыўнага стаўлення да свабоды перамяшчэння беларусаў і расіян там будзе менш.

Для краін, якія такія абмежаванні не ўводзяць, Беларусь ці Расія часцей за ўсё альбо менш важныя (няма агульнай мяжы, няма або значна меншыя рознагалоссі з іх рэжымамі), альбо выклікі бяспецы ў гэтых краінах проста іншыя, і ўвага пераносіцца на вырашэнне іншых пытанняў.

Кафедральный собор Вильнюса. 19 ноября 2023 года. Фото: "Зеркало"
Кафедральны сабор Вільнюса. 19 лістапада 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Цяпер ужо не 2020−2021 гады. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну прайшло два гады. Таксама не будзем забываць пра мігранцкі крызіс на мяжы, арганізаваны беларускім рэжымам.

Увесь рэгіён быў вымушаны адаптавацца — межы ўсіх краін Балтыі, Польшчы, Фінляндыі, па сутнасці, маюць агульную каардынацыю. Таму як мінімум несумленна тыкаць пальцам у Літву, якая як ніхто іншы імкнецца выконваць хісткі баланс паміж спагадлівасцю да беларускіх дэмакратаў і жорсткасцю што да беларускага рэжыму.

Літва прасоўвае пытанні дадатковых санкцый і паўнавартаснага выканання прынятых раней. Для гэтага трэба мець і тэставаць меры, якія могуць быць карысныя пры гэтай задачы.

«Беларускі бізнес мае магчымасць пераехаць, Літва — не»

— Пасля 2020 года ў Літву пераехала шмат беларускіх бізнесаў, у тым ліку з IT-сферы, таксама прыехала шмат высокакваліфікаваных работнікаў з нашай краіны. У Літве не баяцца, што яны з’едуць і краіна страціць падатковыя паступленні ад іх? Ці прысутнічае ў літоўскім грамадстве ці ў асяроддзі палітычных і экспертных элітаў абмеркаванне эканамічных наступстваў праз сыход з рынку беларускіх кампаній і работнікаў?

— Вядома, гэтыя пытанні абмяркоўваюцца. На адным баку — аргументы пра рост эканомікі і магчымы (а ў некаторых выпадках, хутчэй за ўсё, непазбежны) сыход часткі беларускага бізнесу з Літвы. На іншым баку — перамены ў рэгіёне.

У 2020 годзе было дастаткова не быць датычным да рэпрэсій. Цяпер трэба таксама быць упэўненым, напрыклад, што супрацоўнікі той ці іншай кампаніі не датычныя альбо не з’яўляюцца рызыкай для абыходу санкцый, якіх у 2020 годзе яшчэ проста не было (бо не было і тых злачынстваў, за якія гэтыя санкцыі ўведзеныя).

Так, абавязкова трэба зніжаць атмасферу напружанасці, якую спрабуюць ствараць некаторыя палітычныя сілы. Я думаю ўсе — і літоўцы, і беларусы — вельмі хацелі б вярнуцца ў 2020 год. Каб перамога рэвалюцыі была дасягальная, каб не было вайны.

Але несправядліва патрабаваць ад урада Літвы вярнуць 2020 год. Гэта, на жаль, немагчыма. І менавіта гэта маецца на ўвазе, калі літоўскія палітыкі кажуць, што пагрозы кампаній з’ехаць з Літвы гучаць як шантаж. Беларускі бізнес мае магчымасць пераехаць, Літва — не.

— У людзей, якія не жывуць у Літве і чытаюць навіны пра ўзмацненне жорсткасці патрабаванняў да грамадзян нашай краіны, можа скласціся ўражанне, што такая павышаная ўвага ў літоўскіх органаў толькі да беларусаў. Ці так гэта? Ці сутыкаюцца з абмежаваннямі грамадзяне іншых краін?

— Паўтару, што фактычна змены ў заканадаўства, якія цяпер абмяркоўваюцца, ужо кампрамісныя, і яны не будуць істотна ўплываць на большасць беларусаў і расіян, якія жывуць у Літве. Меры досыць кропкавыя. Гэтыя змены датычаць грамадзян не толькі Беларусі, але і Расіі.

Параўнайце абмежаванні для грамадзян Расіі з абмежаваннямі для беларусаў і ўбачыце, што Літва ўсё ж падзяляе гэтыя два народы. Беларусы могуць прыязджаць з шэнгенскімі візамі іншых краін, аўтамабілі з беларускімі нумарамі могуць перасякаць мяжу Літвы і гэтак далей.

Калі б хтосьці меў злыя намеры, то спіс патэнцыйных абмежаванняў далёка не вычарпаны. Гледзячы на наяўныя абмежаванні, мы бачым, што ў літоўскага боку ёсць жаданне ісці насустрач беларусам, змякчыць нейкія пункты, адгукнуцца на патрэбы. Дэталі таксама важныя. Калі іх не заўважаць, то можна сказіць агульную карціну.

У заключэнне хочацца яшчэ раз сказаць пра два таксічныя наратывы. Яны адзін адзін падсілкоўваюць. Наратыў пра тое, што Літва нібыта хоча пазбавіцца ад беларусаў, будуецца на пошуках індывідуальных гісторый і цытат, якія яго даказваюць. Гэтак жа, як і наратыў пра ўяўную пагрозу ліцвінізму будуецца на такім жа абыходзе фактаў на карысць падтрымкі гэтага дыскурсу.

Улічванне ўсіх фактаў і кантэкстаў — самае эфектыўнае рашэнне праблем. І адзін, і другі бакі павінныя вярнуць сабе кантроль над камунікацыяй што да нашых адносін, каб пра іх не расказвалі рэжымы ў Мінску і Крамлі.

Для нас у «Люстэрку» важна паказаць розныя пункты гледжання. Таму мы даём пляцоўку для экспертных ацэнак і меркаванняў, уключаючы складаныя і балючыя тэмы. Нашая мэта — пашырыць поле для дыскусіі і зрабіць магчымым здаровы грамадскі дыялог.

Дапамажыце рэдакцыі далей гаварыць пра важнае 🙌

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.