Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Беларусская провластная группа выступила перед жителями одной из стран ЕС, но там ей оказались совсем не рады. Что произошло
  2. Лукашенко выступил на параде в честь Дня Победы. Большая часть речи была посвящена ЕС, который он назвал «возрождающимся фашизмом»
  3. Пакистан объявил о крупномасштабной военной операции против Индии
  4. После 2020-го на заводах по требованию Лукашенко увольняли из-за «политики» — из закрытых документов стало понятно, чем это обернулось
  5. Пакуль выжылыя беларусы пакутавалі ў галечы, кіраўніцтва рэспублікі крала. Расказваем пра жахлівую карупцыю ў Беларусі пасля вайны
  6. Беларусские подростки показали средние пальцы во время салюта. Их уже задержали
  7. «Заяву на памілаванне я не пісаў». Вялікае інтэрв'ю «Люстэрка» з Юрыем Зянковічам, якому далі 11 гадоў за «дзяржаўны пераварот»
  8. Мерц, Макрон и Стармер прибыли в Киев
  9. Американский журналист спросил у Лукашенко, должен ли сейчас Путин согласиться на перемирие с Украиной. Вот его ответ
  10. Конклав кардиналов в Ватикане выбрал папу римского. Стало известно его имя
  11. На параде в Москве Путин не сел возле Лукашенко. Его посадили возле политика, с которым тот конфликтовал
  12. 9 мая Путин сделал несколько заявлений, которые противоречат программе российских националистов. В чем их разногласия
Читать по-русски


Падрабязнасці скандальнай гісторыі з экс-начальнікам аддзела Віцебскай пракуратуры Аляксандрам Ільіным сталі вядомыя дзякуючы «Альянсу расследавальнікаў Беларусі», які апублікаваў прысуд. Нагадаем, мужчына разам з «памочнікамі» трымаў у сэкс-рабстве як мінімум дзесяць дзяўчынак: выкрадаў, катаваў, гвалтаваў сам і «пастаўляў» іх іншым, у тым ліку супрацоўнікам пракуратуры, СК і КДБ. Аднак яны праходзілі па справе толькі сведкамі і адказнасці не панеслі. Жыхарка Віцебска вырашыла даведацца, чаму гэтых сілавікоў не судзілі. З такім пытаннем яна патэлефанавала ў пракуратуру і СК. А «Люстэрка» спытала ў былога пракурора, як у гэтай сітуацыі мусілі дзейнічаць сілавікі.

Фото: пресс-служба Генпрокуратуры РБ
Фота: прэс-служба Генпракуратуры РБ

Пра што гаворка?

Як вынікае з прысуду, Ільін з 2002 да 2005 года «пастаўляў» няпоўнагадовых дзяўчат сваім знаёмым, у тым ліку супрацоўнікам міліцыі, пракуратуры і КДБ. Некаторым пацярпелым на той момант было ад 12 да 15 гадоў.

У дакуменце фігуруюць Барыс Сакалоў, на той момант начальнік УБЭП УУС Віцебскага аблвыканкама, Ігар Навіцкі (начальнік КДБ у Полацку), супрацоўнікі пракуратуры Віцебскай вобласці Лескавец (першы намеснік пракурора) і Яцук (начальнік аддзела), бізнесовец Уладзімір Захараў, яшчэ адзін бізнесовец Лягчылін, нехта Шындзікаў.

Там таксама адзначаецца, што сведкі Сакалоў, Лягчылін, Навіцкі, Яцук і Захараў заяўлялі, што не ўступалі ў інтымныя адносіны з пацярпелымі. Але, як гаворыцца ў прысудзе, гэта «абвяргаецца сукупнасцю прызнаных судом дакладных доказаў — паказаннямі пацярпелых, якія падчас усяго следства нязменна сцвярджалі пра ўступленне па ўказанні Ільіна ў інтымныя адносіны з яго знаёмымі і пералічанымі вышэй сведкамі».

Ільіна асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі, але зменшылі тэрмін да 16 гадоў. Адбываць пакаранне экс-пракурора адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму, у кастрычніку 2022-га ён там памёр. Іншых людзей, якія называліся вышэй і займалі пасады ў розных структурах, толькі дапыталі як сведак, яны не былі асуджаныя і заставаліся на волі.

Пракуратура: «Гэта ўвогуле не тэлефонная размова»

Віцяблянка патэлефанавала ў Следчы камітэт і пракуратуру па Віцебскай вобласці з пытаннямі, чаму названыя ў прысудзе сілавікі засталіся на волі і ці праводзіцца нейкая праверка цяпер, калі расследавальнікі апублічылі іх звесткі. Запіс размовы яна перадала «Люстэрку».

— Былі навіны, што ў нас у Віцебску яшчэ ў 2013 годзе быў асуджаны супрацоўнік пракуратуры за тое, што гвалтаваў няпоўнагадовых, браў у сэксуальнае рабства, збіваў іх. Па справе праходзілі супрацоўнікі міліцыі, КДБ, пракуратуры, але як сведкі. Іх дзяўчынкі апазналі, але яны на волі… — патлумачыла пытанне віцяблянка падчас званка ў пракуратуру.

— Я зразумела, пра каго вы кажаце, але, ведаеце, гэта ўвогуле не тэлефонная размова. Вам трэба прыйсці на прыём. Па тэлефоне вас ніхто не бачыць. Гэта трэба пашпарт, вашыя звесткі, — адказала супрацоўніца.

— Гэта ж усё ёсць у адкрытым доступе. Ёсць прысуд, там усе звесткі. Чаму не праведзенае ніякае следства далей, гэтыя людзі засталіся сведкамі? Для гэтага ж не патрэбныя мой пашпарт і мой зварот.

— Калі хочаце, можаце пісьмова звярнуцца.

— Каб людзей асудзілі за злачынства, якое даказанае, трэба пісьмовы зварот напісаць?

— Ёсць пэўны парадак звароту грамадзян. Па тэлефоне ніхто ж вас не бачыць, разумееце?

— Я разумею. Але калі б гэта мой сусед быў і я даведалася [пра яго злачынства], я б паскардзілася ў міліцыю. Усё даўно вядома, прысуд быў яшчэ ў 2013 годзе, а людзі дагэтуль на волі. Мне страшна, нашыя дзеці ходзяць па вуліцах…

— Калі там праўдзівыя звесткі, вядома, будзе праводзіцца праверка.

— А чаму яна раней не праводзілася? Столькі гадоў прайшло.

— Такія рэчы я не магу вам па тэлефоне сказаць. Вы можаце звярнуцца пісьмова, прыйсці на прыём. Калі гэтыя звесткі ёсць, будзе дадзеная прававая ацэнка.

— Дык яна дзесяць гадоў (з моманту абвяшчэння прысуду. — Заўв. рэд.) не давалася.

— Вы ж не ведаеце.

— Дык няма інфармацыі [што яны былі асуджаныя і панеслі пакаранне]. А калі ёсць, чаму гэта не абвешчана? Можа, хтосьці можа расказаць пра гэта, напісаць? У вас ёсць прэс-служба, хай бы яны апублікавалі. Гэта ж для грамадскасці важна: ва ўсіх дзеці.

— Праца ў гэтым кірунку праводзіцца, — адказала жанчына.

Следчы камітэт: «А хто вам, звычайнаму чалавеку, будзе паведамляць такую інфармацыю?»

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Следственный комитет
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Следчы камітэт

З такім самым пытаннем дзяўчына патэлефанавала ва УСК па Віцебскай вобласці, аддзел па працы са зваротамі грамадзян. Там размова пайшла прыкладна па такім жа сцэнары: супрацоўніца сказала, што ведамства не дае каментароў па тэлефоне, і прапанавала пісаць зварот.

— Чаму наогул трэба пісаць зварот, калі людзі здзейснілі злачынства і застаюцца на волі? Гэтая інфармацыя ў Следчага камітэта ёсць, а я павінная пісаць зварот.

— Таму што вы тым самым рэалізуеце сваё права.

— А чаму СК без звароту не можа заняцца гэтым пытаннем?

— Патэлефануйце ў дзяжурную частку, ваш сігнал зафіксуюць і правядуць праверку па вашых аргументах, разбяруцца. <…> У іх ёсць адзіная кніга, праводзілася праверка ці не. Я не ўпаўнаважаная даваць такія каментары, не праводжу праверку, у мяне няма доступу да гэтых баз дадзеных.

— У дзяжурнай частцы будуць ведаць? Падкажыце, калі ласка, нумар тэлефона.

— Якога органа? Вы нават не можаце сказаць, хто праводзіў праверку і хто мусіць рэагаваць.

— Я звычайны чалавек, адкуль я магу ведаць, хто праводзіць такія праверкі? Калі быў суд…

— А хто вам, звычайнаму чалавеку, будзе паведамляць такую інфармацыю? Праверка праводзілася па вашай заяве? Вы якое дачыненне маеце да гэтай праверкі? Вы сведка? У дачыненні да вас праверку праводзілі?

— Я жыву ў Віцебску, дзе людзі, якія здзяйснялі злачынствы, знаходзяцца на волі. У мяне дзіця маленькае, пляменніцы 12 гадоў. Я не ведаю, трапіць яна ў рукі гэтых людзей ці не. Вы лічыце нармальным, што злачынцы ходзяць па горадзе, а я і іншыя людзі не маюць права ведаць, будуць яны пакараныя ці не?

— Пры наяўнасці дастатковых падставаў будуць прынятыя меры рэагавання.

— Дык гэтыя падставы ёсць. Ёсць пратакол (гаворка пра прысуд суда. — Заўв. рэд.), дзе ўсё напісана.

— Значыць, звяртайцеся, — перабіла віцяблянку супрацоўніца СК. — Калі вы хочаце нейкім чынам засцерагчы вашых дзяцей, вашую сям’ю, блізкіх сваякоў ад злачынных замахаў, магчымых злачынных замахаў — органы ўнутраных справаў кампетэнтныя гэтым займацца. Калі ў дачыненні да вас, вашых блізкіх праводзіліся нейкія праверкі, па вашых заявах праводзіліся нейкія праверкі — калі ласка, паведаміце, кім яны праводзіліся. Я вас перанакірую. Больш ніякіх каментароў з гэтай нагоды я даваць не магу. Калі ласка — у дзяжурную частку УУС або тэрытарыяльнага АУС па месцы жыхарства. Нават па тэлефоне фіксуюць ваш сігнал. Будуць праводзіць нейкія праверкі, нейкія мерапрыемствы.

— Гэта нейкі кашмар. Усе звесткі ва ўсіх ёсць, быў прысуд, а людзям трэба звяртацца, каб асудзілі злачынцаў, якія праходзілі як сведкі.

— Дык вы з чым не згодныя — з прысудам? У вас ёсць звесткі, новыя абставіны, якія былі невядомыя падчас расследавання крымінальнай справы і вынясення прысуду? Калі ласка, заяўляйце пра новыя абставіны. <…> Органы ўнутраных справаў праводзяць першапачатковую праверку. Мы ўжо пасля расследуем крымінальныя справы. Па пэўнай катэгорыі злачынстваў мы самастойна праводзім праверкі. Але першапачаткова ўсе звяртаюцца ў органы ўнутраных справаў. Калі ў вас што да гэтага прысуду Ільіна ёсць нейкія звесткі, якія не былі ўлічаныя, вы можаце паведаміць у міліцыю.

— Там нават правяраць няма чаго — там усё ёсць у матэрыялах справы.

— Ну, калі ўсё ёсць у матэрыялах справы, па гэтай справе вынесены абвінаваўчы прысуд, правільна?

— Аднаму чалавеку, астатнія прайшлі як сведкі, хоць таксама ўдзельнічалі ў гэтым усім.

— Вы не згодныя з гэтым прысудам. Ёсць парадак абскарджання прысуду суда — калі ласка. У КПК ён замацаваны.

— Я проста ў шоку. Я размаўляю з супрацоўнікам Следчага камітэта, які мне, звычайнаму чалавеку, кажа абскардзіць прысуд, калі там ёсць прозвішчы людзей і факты ўчынення імі злачынстваў. Вы разбірацца з гэтым не збіраецеся, а павінная я абскардзіць! — абурылася дзяўчына.

— З чым канкрэтна вы не згодныя? Вы задаяце мне правакацыйныя пытанні. Чым я магу вам дапамагчы, скажыце, калі ласка?

— Перадайце сваім калегам, свайму кіраўніцтву, каб гэтым заняліся.

— [Тэлефануйце] у дзяжурную частку — там зафіксуюць вашыя дадзеныя, і па гэтых фактах правядуць праверку. Правераць інфармацыю, якую вы ім падасце. Няма за што.

Экс-супрацоўнік Генпракуратуры: «Справу відавочна хавалі і хацелі замяць, каб не было грамадскай агалоскі»

Олег Талерчик. Фото: BYPOL
Палкоўнік юстыцыі, экс-следчы Генеральнай пракуратуры Беларусі Алег Талерчык. Сузаснавальнік BYPOL, пакінуў аб'яднанне ў 2022 годзе. Фота: BYPOL

— Як мусілі дзейнічаць ведамствы, якія займаліся справай Ільіна да абвяшчэння прысуду ў 2013 годзе, і суд, які прызнаў яго вінаватым?

— Мяркуючы з усяго, справу перадалі ў суд у пачатку вясны 2012 года. Пры гэтым Ільін яшчэ ў 2007-м быў абвешчаны ў вышук, то-бок у вытворчасці яна знаходзілася досыць даўно. Што да Сакалова, Навіцкага, Лескаўца, Яцука, Захарава, Лягчыліна і Шындзікава — і на момант папярэдняга следства, і на момант пачатку суда пра іх і іх адносіны з пацярпелымі ўсё было вядома. Трэба глядзець матэрыялы, але, паколькі былі пратаколы апазнання, гэтыя людзі 100% адпрацоўваліся і ў дачыненні да іх мусілі быць прынятыя працэсуальныя рашэнні.

Як мы бачым з прысуду, той жа Барыс Міхайлавіч Сакалоў, начальнік УБЭП Віцебскага УУС, бавіў час у кампаніі Ільіна і мясцовых бізнесоўцаў у саўнах, лазнях, уступаў у палавыя зносіны з няпоўнагадовымі. Ёсць іншыя фігуранты, якіх дзяўчаты таксама апазналі. Суд прызнаў, што гэта сапраўды было. Тут угледжваюцца прыкметы злачынства па артыкуле 168 КК Беларусі (Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту).

Вярхоўны суд часткова змяніў прысуд — выключыў некаторыя артыкулы з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці прыцягнення да адказнасці. Але ў астатнім пакінуў яго ў сіле, у тым ліку і сцверджанні, што факты злачынства Сакалова, Навіцкага, Яцука і іншых асобаў у дачыненні да няпоўнагадовых устаноўленыя. Значыць, да іх мусілі ўжываць, як у нас кажуць, дазвольныя пастановы. У судзе гэтых фігурантаў апытвалі як сведак. Тут ёсць два варыянты.

  • Першы — крымінальны пераслед спыняецца з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці. Калі ідзе следства, абвінавачаны мусіць даць згоду на гэта. Але раптам ён хоча быць апраўданы і прызнаны невінаватым? Калі ён не згаджаецца, справу накіроўваюць у суд, які ўжо мусіць разбірацца. Калі гэтыя людзі далі згоду, то яны прызналі сябе вінаватымі ў здзяйсненні злачынства. У гэтым я вельмі сумняваюся, бо яны былі дзейнымі супрацоўнікамі сілавых органаў, а гэта ўсё — ты аўтаматам вылятаеш з працы, страчваеш пенсію.

  • Другі — адмова ў завядзенні крымінальнай справы, і я на 99% упэўнены, што ў матэрыялах ёсць такая пастанова ў дачыненні да Сакалова і астатніх. Магчыма, выкарыстоўваўся хітрык, што яны не ўсведамлялі, што дзяўчынкам няма 16 гадоў. Але гэта глупства, бо судом даказана, што Ільін пра гэта ведаў. Зыходзячы з адносін з Ільіным — даўніх, доўгіх дружалюбных і шматразовых сустрэч, у тым ліку ў кампаніі гэтых дзяўчынак, яны мусілі ўсё разумець. Акрамя таго, гэта не проста нейкія грамадзяне — гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Яшчэ, магчыма, следчыя сказалі, што недастаткова доказаў: слова дзяўчынак супраць словаў «паважаных міліцыянераў і супрацоўнікаў КДБ». Тады гэта ўваходзіць у супярэчнасць з высновамі суда. А суд прызнаў паказанні пацярпелых дакладнымі і прадставіў іх у якасці доказаў віны Ільіна. У такім выпадку гэтыя адмоўныя пастановы мусяць быць адмененыя. І тут пытанне да наглядных пракурора і дзяржабвінаваўцы, да таго ж суда, касацыі. Калі гэтага не зрабіў суд першай інстанцыі — Беларускі вайсковы суд, значыць, мусіў зрабіць суд касацыйнай інстанцыі — Вярхоўны. А пракуроры мусілі яшчэ і адрэагаваць на адрас кіраўнікоў МУС і КДБ аб немагчымасці далейшага знаходжання гэтых людзей у шэрагах органаў унутраных справаў і дзяржбяспекі.

Фрагменты судебного приговора экс-сотруднику прокуратуры Витебской области Александру Ильину. Источник: “Альянс расследователей Беларуси”
Фрагменты прысуду экс-супрацоўніку пракуратуры Віцебскай вобласці Аляксандру Ільіну. Крыніца: «Альянс расследавальнікаў Беларусі»

Зноў жа, дзіўна, што разглядаў справу Беларускі вайсковы суд: Ільін не быў вайскоўцам, ён падпадае пад юрысдыкцыю так званых агульных судоў. Яго суўдзельнікаў якраз судзілі ў Віцебскім абласным судзе. Так што прысуд усплыў — пытанняў шмат. Тое, як гэтая справа ішла, сведчыць, што яе відавочна хавалі і хацелі замяць, каб не было грамадскай агалоскі.

Ільіна асудзілі ў 2013 годзе. Ён хаваўся, таму яго справу маглі вынесці ў асобную вытворчасць. Але ў дачыненні да яго суўдзельнікаў мусіла быць агульная крымінальная справа — там гаворыцца пра 17-гадовую дзяўчыну і Гулідава (паведамлялася, што Ільін разбэсціў 17-гадовую дзяўчыну, а потым залучаў яе ў пошук іншых ахвяр-школьніц. Гулідаў займаўся іх перавозкай. — Заўв. рэд.). А мы бачым, што ў 2008-м Віцебскі суд рознымі складамі фактычна адначасова разглядаў дзве справы і вынес паралельна незалежна адзін ад аднаго два прысуды — 11 снежня дзяўчыне і 17 снежня Гулідаву. Хоць яны дзейнічалі ў складзе адной групы Ільіна.

То-бок справу раздрабнілі на часткі. Усё кола пацярпелых і сведкі мусілі прайсці па справе Гулідава, той дзяўчыны, а потым па справе Ільіна. Можа, там акрамя названых яшчэ больш высокапастаўленыя фігуранты або шырэйшае кола асобаў са структур і органаў Віцебскай вобласці раздробненае, схаванае і такім чынам пахаванае.

Чаму пахаванае? Калі ў рамках агульнай крымінальнай справы ў дачыненні да кагосьці праводзяцца следчыя мерапрыемствы на дачыненне да злачынства, гэтыя матэрыялы мусяць вылучацца ў асобную вытворчасць, каб ім можна было даць юрыдычную ацэнку і потым праверыць правільнасць прынятых рашэнняў.

Але ў нас следства і пракуратура заўсёды хітруюць. У праваахоўных сістэмах, калі ёсць людзі, якія быццам і датычныя, але іх віну не могуць ці не хочуць даказаць, выносяць дазвольныя пастановы — тады разам з агульнай крымінальнай справай усе матэрыялы ідуць у суд. Адтуль іх ужо немагчыма запатрабаваць, пераправерыць, адмяніць альбо па іх распачаць крымінальную справу. Так хаваюць матэрыялы ў дачыненні да таго, каго хочуць выгарадзіць.

То-бок калі матэрыялы ў дачыненні да Сакалова, Навіцкага, Яцука, Захарава і іншых — у той крымінальнай справе Ільіна, адмяніць рашэнні ўжо немагчыма. Рабілася ўсё, каб людзі не даведаліся пра падзеі ў Віцебскай вобласці. Але пра маштаб злачынстваў можна здагадацца: начальнік полацкага КДБ і вядомыя прадпрымальнікі, начальнік аддзела пракуратуры. А колькі там людзей, якія ў прысудзе не фігуруюць і чыіх прозвішчаў дзяўчынкі не змаглі назваць?

Як той жа Сакалоў застаўся ў МУС пасля прысуду, дзе ўстаноўлена, што ён хадзіў па барах і саўнах з бізнесоўцамі, якіх правяраў як начальнік УБЭП, пры гэтым з імі былі няпоўнагадовыя дзяўчынкі, — для мяне наогул загадка. За драбнейшыя правіны з трэскам вылятаюць з органаў, а ў яго кар’ера потым нават пайшла далей (Сакалова павысілі да намесніка начальніка ГУБЭЗ МУС. — Заўв. рэд.)

Фрагмент судебного приговора экс-сотруднику прокуратуры Витебской области Александру Ильину. Источник: “Альянс расследователей Беларуси”
Фрагмент прысуду экс-супрацоўніку пракуратуры Віцебскай вобласці Аляксандру Ільіну. Крыніца: «Альянс расследавальнікаў Беларусі»

— Цяпер ужо іх нельга прыцягнуць да адказнасці, бо скночыўся тэрмін даўнасці: злачынствы па ч 1. 168 лічацца менш цяжкімі, іх тэрмін даўнасці — пяць гадоў. Можна толькі падымаць пытанне пра вывучэнне матэрыялаў справы і давання ацэнкі тым жа пракурору, дзяржабвінаваўцу. Ёсць прысуд, там устаноўлена, што гэтыя людзі ўступалі ў палавую сувязь з няпоўнагадовымі. З улікам іх прафесійнай падрыхтоўкі і пасадаў яны не маглі не разумець, што гэта фактычна дзеці, якая за гэта адказнасць для іх. Чаму яны не былі звольненыя з органаў унутраных справаў за злачынства і правіну, якая дыскрэдытуе званне супрацоўніка міліцыі?

«У прававой дзяржаве абавязкова мусілі ўзяць на кантроль, пачаць пракурорскую праверку»

— Званка звычайнага грамадзяніна дастаткова для пачатку праверкі? Ці сапраўды абавязкова трэба пісаць зварот, прыходзіць на прыём?

— Калі паведамляецца пра злачынства, супрацоўнікі абавязаныя рэагаваць маментальна. Нават калі гэтае паведамленне паступіла ў пракуратуру — тады яго перанакіруюць у органы ўнутраных справаў для рэагавання. Але калі чалавек паведамляе пра падзеі мінулых гадоў, патрабуюць звярнуцца пісьмова ў органы або прыйсці зрабіць заяву пад пратакол. І тут бываюць маніпуляцыі нормамі КПК з боку пракурораў, следчых і міліцыянераў.

Падставай для завядзення крымінальнай справы могуць быць: заява грамадзян, паведамленне пра злачынства ў СМІ, непасрэднае выяўленне органам крымінальнага пераследу звестак, якія сведчаць пра прыкметы злачынства (гэта адзначаецца ўартыкуле 166 КПК РБ. — Заўв. рэд.). Заявы грамадзян могуць быць вуснымі і пісьмовымі, але вусная мусіць заносіцца ў пратакол. То-бок закон прадугледжвае, што грамадзянін мусіць яго агучыць у органе крымінальнага пераследу альбо накіраваць туды пісьмова.

Калі ім не трэба, яны кажуць: «Прыходзьце пішыце заяву» або «Прыходзьце — мы запратакалюем». А калі яны зацікаўленыя, такія званкі ўжо могуць разглядацца як непасрэднае выяўленне звестак органам крымінальнага пераследу. То-бок у пракуратуры маглі б самі ўсё гэта ініцыяваць.

У прававой дзяржаве публікацыі ў электронных СМІ — гэта паведамленні пра злачынствы, на іх абавязаныя рэагаваць. Але для рэжыму Лукашэнкі ўсе электронныя СМІ, якія пішуць пра справу Ільіна, — экстрэмісцкія рэсурсы. То-бок фармальна на іх не могуць арыентавацца. Але, паўтаруся, гэты факт у прававой дзяржаве абавязкова мусілі ўзяць на кантроль, пачаць пракурорскую праверку, як так здарылася.

Якія працэсуальныя рашэнні былі прынятыя тады і чаму? Куды глядзелі пракуроры пасля ўступлення прысуду ў сілу, калі гэтым прысудам ўстаноўлена, што і іншыя асобы ўступалі ў палавыя зносіны з няпоўнагадовымі? Але ў цяперашніх рэаліях, вядома, яны будуць казаць «пішыце лісты, прыходзьце з заявамі». Для чаго гэта робіцца? Калі чалавек прыходзіць у пракуратуру ці ў СК, на яго можна псіхалагічна ціснуць, можна наогул затрымаць, прыдумаць, што ён, напрыклад, падтрымлівае экстрэмізм, раз звяртаецца па інфармацыю на экстрэмісцкія рэсурсы.

Яшчэ момант: па справе Ільіна ёсць прысуд. Для пракурораў, следчых, міліцыянераў, калі ёсць судовае рашэнне, — «усё, усе пытанні да суда, мы ўмываем рукі». Няма ніякай тэрміновасці, не здзяйсняецца новае злачынства, спыняць злачынныя дзеянні не трэба: «Факты даўно вядомыя, яшчэ і праз суд прайшлі, мы сядзім спакойна на сваіх крэслах і не варушымся». Але такое стаўленне было і да 2020 года.

Чытайце таксама