Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Синоптики предупредили об опасном гидрометеорологическом явлении
  2. Цифра превосходит самые смелые ожидания Лукашенко. В Пакистане рассказали, сколько трудовых мигрантов готовы отправить в Беларусь
  3. Путин предложил Киеву возобновить прямые переговоры, прерванные в 2022 году, — назвал дату и место встречи
  4. Пропавшая Мельникова объехала три страны, пока говорила коллегам, что болеет. За это время в фонде демсил исчезли деньги — расследование
  5. Лукашенко выступил на параде в честь Дня Победы. Большая часть речи была посвящена ЕС, который он назвал «возрождающимся фашизмом»
  6. Вводят изменения, которые касаются рынка недвижимости
  7. 9 мая Путин сделал несколько заявлений, которые противоречат программе российских националистов. В чем их разногласия
  8. Беларусская провластная группа выступила перед жителями одной из стран ЕС, но там ей оказались совсем не рады. Что произошло
  9. Кремль назвал очередное условие, на котором готов к 30-дневному перемирию с Украиной. На Западе отреагировали
  10. Стало известно, как накажут девочек из Могилева, показавших неприличный жест на салюте 9 мая. Их сняли в «покаянном» видео
  11. «Я был убит 2 марта 1943 года». Как солдат потерял четверть мозга, но не сдался болезни, а написал дневник — и стал известен на весь мир
  12. «Ну что, доигрались?» МАРТ выяснил, почему в магазинах пропала картошка
  13. С 1 сентября расписание ждут изменения. Уроков по какому предмету станет больше, — рассказываем
Читать по-русски


У Брэсце ў пачатку красавіка пачалі ў аўральным рэжыме набіраць вайскоўцаў для чарговай праверкі баявой гатоўнасці войска, якая стартавала ў Беларусі 3 красавіка. Ёсць выпадкі, калі людзей забіралі проста з працы, не папярэдзіўшы пра гэта загадзя. Чытачы расказалі «Люстэрку», што раптоўна выклікаць мужчын пачалі і ў райцэнтрах рэгіёна. Некаторыя паведамляюць таксама, што збіраюць і будаўнічую тэхніку.

Отправка военнообязанных на сборы в Лунинце 6 апреля 2023 года. Фото: «Лунинец online»
Адпраўка ваеннаабавязаных на зборы ў Лунінцы 6 красавіка 2023 года. Фота: «Лунінец online»
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі. Іх звесткі ёсць у рэдакцыі.

Лунінец: «Усё па тэрмінах і без спешкі»

Днём 6 красавіка «Медыя-Палессе» пісала пра тое, што ў Лунінцы мужчын «забіраюць з дому, з вуліцы, працоўных месцаў, камусьці ўручаючы позвы, а камусьці — не. Іх вязуць аўтобусамі ад Дома культуры». Супрацоўніка аднаго з прадпрыемстваў райцэнтра, паводле суразмоўцы рэгіянальнага медыя, «забралі проста з ложка».

Журналістка «Люстэрка» пагаварыла з некалькімі жыхарамі Лунінца, усе яны сітуацыю з прызывам на чарговую праверку боегатоўнасці апісваюць па-рознаму. Некалькі маладых хлопцаў расказалі, што нічога пра гэта не чулі, самі позваў не атрымлівалі.

Тэма больш на слыху ў старэйшых мужчын. «Забіраюць на звычайныя зборы, як і раней забіралі людзей, якія ўжо адслужылі. Ад сяброў ведаю, што ім давалі позвы, яны прыйшлі ў ДК, ім патлумачылі, што і як, і яны з’ехалі», — кажа Віктар.

Яшчэ адзін лунінчанін, Міхаіл, таксама сказаў, што выклікаюць мужчын, якія знаходзяцца ў запасе, і збіраюць у ДК, а потым кудысьці адпраўляюць. Размовы пра гэта чуў і жыхар Лунінца Вячаслаў:

— Чуў, што цяпер гэта не толькі ў нас у горадзе адбываецца, а шмат дзе, і што з гэтым ужо больш строга. Але без позвы людзей не бяруць — як гаворыцца, гэта не па законе. Знаёмы сказаў, што нядаўна па позве двух хлопцаў забралі, але ўсё па тэрмінах і без усялякай спешкі, — падзяліўся ён.

Отправка военнообязанных на сборы в Лунинце 6 апреля 2023 года. Фото: «Лунинец online»
Адпраўка ваеннаабавязаных на зборы ў Лунінцы 6 красавіка 2023 года. Фота: «Лунінец online»

Івацэвічы: «Выдадуць усім аўтаматы — будзеце ўвесь час са зброяй«

Трывожныя паведамленні ў рэдакцыю прыйшлі ад Аляксандра, чытача з Івацэвічаў. Да мужчыны нядаўна з позвай прыходзілі людзі, якім ваенкамат даручыў разнесці іх па спісах, але дома мужчыну не заспелі, а жонка без яго дакумент браць адмовілася.

— Я абтэлефанаваў сваіх знаёмых, многія, каму ад 35 да 40 гадоў, атрымліваюць позвы хто на рукі, каго праз тэлефон выклікаюць. Учора ехалі з жонкай у вёсцы па дарозе на Слонім, ішлі два мяккія аўтобусы з Івацэвічаў заказныя і адзін пінскі. Яна паглядзела — там адны мужыкі сядзелі, — на эмоцыях расказвае Аляксандр. — У нас на працы некалькіх супрацоўнікаў выклікалі ў аддзел кадраў і далі позвы там пад роспіс, я перажываю, што могуць выклікаць так і мяне. Мой знаёмы так атрымаў позву, пайшоў на медкамісію, а там, нягледзячы на кепскія аналізы і тое, што ў яго пабольвае язва, сказалі, што здаровы. І патлумачылі: цяпер, калі два разы на год па той жа язве не звяртаешся, а на медкамісіі скардзішся, будуць лічыць, што ты косіш ад войска.

Аляксандр кажа, што мужчын з ягонага горада прызываюць у Слонім. А там, паводле яго словаў, каля будынкаў мясцовай 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады заўважаюць шмат будаўнічай тэхнікі.

— Мой знаёмы са Слоніма ўчора праязджаў побач і кажа, што там вельмі шмат трактароў, МАЗаў, самазвалаў, ну і шмат аўтобусаў з трэцім рэгіёнам, з Гомельскай вобласці. Такое пачуццё, што хочуць адправіць на Гомельшчыну. У нас каля ваенкамата таксама збіраюць тэхніку — адны МАЗы і экскаватары. Страшна: што адбываецца, куды заклікаюць і навошта гэта? Знаёмыя расказваюць, што прызываюць усіх мужчын, у каго ёсць катэгорыі С і Е, прычым не пытаюць, служыў ты ці не. Падрабязнасцяў не паведамляюць — толькі што гэта на 35 дзён і з тэхнікай, кажуць: «Выдадуць усім аўтаматы — будзеце ўвесь час са зброяй». Іншыя кажуць, што адна частка ўжо з’ехала на аўтобусах, а другая ў суботу на Слонім паедзе ўжо адразу на тэхніцы, 39 адзінак: трактары і грузавыя машыны.

Аляксандр такой раптоўнай праверкай напалоханы і пакуль стараецца пад рознымі падставамі не з’яўляцца на працы, каб не атрымаць позву там. Мужчына перажывае, што гэта «прыхаваная мабілізацыя», хоць і сумняваецца ў такіх сваіх высновах:

— У маёй знаёмай на працы ў ЖКГ таксама просяць раздаваць позвы — яна бачыла цэлыя стосы на наш невялікі раён. Я баюся, што гэта менавіта прыхаваная мабілізацыя. Яшчэ калі раней знаёмыя хадзілі на зборы, і ім дазвалялі карыстацца тэлефонамі ў размяшчэнні без праблем, то цяпер у людзей, якіх забралі, у частках забаранілі тэлефоны. Сказалі выключыць, а ўключаць толькі ў пэўны час, каб патэлефанаваць. Чаму так усё хаваецца? Разумееце, калі гэта вучэнні, то навошта будаўнічая тэхніка, што мы будзем будаваць?

Отправка военнообязанных на сборы в Лунинце 6 апреля 2023 года. Фото: «Лунинец online»
Адпраўка ваеннаабавязаных на зборы ў Лунінцы 6 красавіка 2023 года. Фота: «Лунінец online»

«Ніхто не скардзіцца, не баіцца». Што кажуць у ваенкаматах

Журналістка «Люстэрка» як занепакоеная грамадзянка патэлефанавала ў ваенныя камісарыяты ў двух райцэнтрах Брэсцкай вобласці. У Івацэвічах пацвердзілі, што прызваных з горада адпраўляюць у частку ў Слоніме.

— Позва выпісаная — значыць, павінен прыбыць, — адзначыла супрацоўніца. — Трэба будзе прыбыць, узяць зменныя рэчы, сродкі асабістай гігіены, лыжку, кубак, можа, трошкі ежы на першы час, калі гэтага чалавека яшчэ адбяруць. Спачатку ўсіх прывозяць, а потым ужо будуць адбіраць.

— А чаму цяпер, кажуць, адбіраюць людзей катэгорый С і Е?

— Гэта ўжо напускалі чутак усялякіх. Збіраем мы ўсіх у каманду, але нам трэба было дадаткова больш кіроўцаў, і мы шукалі, выбіралі, у каго ёсць такія пасведчанні кіроўцы.

— Яшчэ расказваюць, што ў Слоніме каля часткі шмат вайсковай тэхнікі і з Івацэвічаў таксама мужчын вязуць з тэхнікай. Гэта навошта?

— Гэта ў іншыя, можа, часткі. Дзяўчына, мы таксама не ведаем, што і як. Мы вось адпраўляем на зборы хлопцаў і ўсё. Адны вось ужо з’ехалі. Ніхто не скардзіцца, не баіцца.

— Неспакойна. Вайна побач.

— Вось таму трэба трэніравацца і рыхтавацца да ўсяго. І няхай гэта будзе толькі трэніроўка. Мне здаецца, і для вас, і для нас гэта лепш.

Супрацоўніца ваенкамата запэўніла, што ў краіне няма мабілізацыі. Яна параіла «ўважліва слухаць навіны» і не чытаць «тое, што пішуць апазіцыйныя каналы».

У ваенкамаце Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў таксама супакоілі і дадалі, што людзей павязуць у той жа Слонім. Дзяжурны патлумачыў, чаму звозяць і будаўнічую тэхніку.

— Фармуюць падраздзяленні вайскоўцы, і там мусіць быць усё. Калі ў роце ёсць гранатамётчык, кулямётчык, аўтаматчык і снайпер, у цэлым усякая тэхніка ёсць — і экскаватары ёсць, і бульдозеры. Гэта ж усё трэба. Ідзе разгортванне і трэніроўка, каб ведалі хоць… Хто яго ведае, што ў свеце дзеецца. Гэта не тое што іх забіраюць і кудысьці будуць кідаць ці пасылаць — не, усё як звычайна. Толькі зборы робяцца нечакана, [каб праверыць] як спрацуе ваенкамат, як спрацуюць пастаўшчыкі гэтай тэхнікі — як яны яе паставяць, якую. Каб бачыць на свае вочы, на што мы здольныя і гатовыя.

— Таму ўсё так рэзка?

— Так, гэта нечаканая такая праверка на выпадак, калі раптам нешта [здарыцца] не дай бог. Хочуць паглядзець, гатовыя мы да гэтага ці не. Як вайскоўцаў туды-сюды па трывозе выклікаюць, правяраюць: як прыбылі, у колькі. А гэта паднялі менавіта нашыя ваенкаматы — тыя, якія фармуюць гэтую частку ў Слоніме.

— Кажуць, што шмат позваў раздаюць.

— Не слухайце нікога. Ужо блогеры пішуць, што і з ложкаў здымаюць, і на дарогах ловяць. Нікога не здымаюць, не адбіраюць. Выклікаюць як мае быць, па позве, пішуць, што ім трэба ўзяць з сабой, калі прыйсці. Яшчэ ідзе адбор: напрыклад, не падаў [чалавек] звесткі, што ў яго чацвёра дзяцей, і ў яго значацца толькі двое. Такіх таксама адсейваюць. Усё ўлічваецца, перабіраецца. Нікому не верце. Такую ўжо лухту пішуць! Хтосьці там распісаў ужо такое, што і па вуліцах ловяць. Вы верыце ў такое?

— У Брэсце, расказвалі, чалавека проста з працы забралі, не папярэдзіўшы загадзя. Такога ж у нас ніколі не было, таму і насцярожвае.

— Я не ведаю, але, хутчэй за ўсё, хлусяць. Могуць на працу [супрацоўнікі ваенкамата] прыехаць, ведаючы, колькі там працуе чалавек. Вось яны прыехалі, а людзі — на аб’ектах. Калі тых прывезлі, ім позвы ўручылі на наступны дзень ці на калі там, каб яны маглі пайсці сабрацца, узяць з сабой рэчы, паесці, грошай нейкіх, рыльна-мыльнае, як мы кажам. А каб з аўтобуса ў аўтобус перагрузілі і павезлі — такога ў нас няма. Так што не верце нікому і не хвалюйцеся. Гэта раней маглі папярэдзіць за месяц, чалавек рыхтуецца, сям’ю настройвае. А тут, бачыце, па трывозе падымаюць і ўсё. Але гэта тое самае, — запэўніў дзяжурны ваенкамата.

Пазней ваенны камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзімір Кахавец таксама пракаментаваў сітуацыю мясцовай раённай газеце. Паводле яго словаў, праверка боегатоўнасці вайсковых частак — планавае мерапрыемства і праводзіцца штогод. Ваеннаабавязаных адправяць на зборы на 35 сутак для ўкамплектавання вайсковай часткі, у якой і праводзіцца праверка.

Нагадаем, 3 красавіка ў Беларусі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі пачалі праверку баявой гатоўнасці Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Падобная праверка праходзіла ў снежні 2022 года, а да гэтага — у траўні мінулага года.