У Мінску 17 сакавіка абвясцілі прысуд галоўрэду TUT.BY Марыне Золатавай і дырэктару ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміле Чэкінай, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Марыну Золатаву прызналі вінаватай у «распаўсюдзе матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, заклікамі, звернутымі да замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт» і «наўмысных дзеяннях, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб». Ёй прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адзначым, што адзін артыкул з абвінавачання Марыны — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры — прыбралі.
Людмілу Чэкіну прызналі вінаватай ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў», а таксама ў «арганізацыі распаўсюду матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, заклікамі, звернутымі да замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт» і «арганізацыі дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб». Ёй суд таксама прызначыў 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Людміле Чэкінай таксама прызначылі 1000 базавых велічынь штрафу ў суме 37 тысяч рублёў і пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.
Прысуд абвясціла суддзя Валянціна Зянкевіч. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Агулам яе разгляд заняў амаль два месяцы, прайшло 37 паседжанняў.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
«Справа TUT.BY»
Нагадаем, раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TUT.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Да позняга вечара ў сталічным офісе праходзіў ператрус, а ў Дэпартаменце фінансавага кантролю КДК пасля такіх самых дзеянняў дома ў супрацоўнікаў дапытвалі нашых былых калег. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе. У той дзень затрымалі 15 чалавек.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты «справы TUT.BY», якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязнямі. КДБ уключыў іх у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Чытайце таксама


