Зніклы шэсць дзён таму ў Маскве памочнік старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіла Мясніковіча Дзмітрый Шадко знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведаміў 16 сакавіка праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы са спасылкай на свае крыніцы сцвярджаюць, што Шадко быў затрыманы на працы ў Маскве. Паводле звестак «Вясны», ён «асабіста ведаў некаторых людзей, якія былі затрыманыя па справе аб дыверсіі ў Мачулішчах».
Заява «Вясны» трохі супярэчаць інфармацыі, якую распаўсюдзілі 13 сакавіка расійскія СМІ. У прыватнасці, тэлеграм-канал Baza пісаў, што менавіта калегі Шадко забілі трывогу, калі ён не прыйшоў на важную нараду. Акрамя таго, паведамлялася, што ў МУС Масквы была пададзеная заява пра вышук беларуса.
«Знаёмыя Шадко ўспомнілі, што апошнім часам мужчына часта скардзіўся на спіну: маўляў, так баліць, што нават не ўстаць, таму выказалі здагадку, што Дзмітрый можа проста ляжаць дома. Кватэру, дзе ён жыў, знайшлі, аднак там нікога не было. Памяшканне агледзелі паліцэйскія, але нічога крымінальнага не выявілі», — пісала Baza.
Дзмітрый Шадко — грамадзянін Беларусі. Апошнім часам ён працаваў у Маскве на пасадзе памочніка старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіла Мясніковіча. Раней ён быў першым намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі. У 2019 годзе Шадко падаў у адстаўку.