Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка падпісаў указ № 66 «Аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу», паведамілі ў яго прэс-службе.
Дакументам прадугледжваецца заклікаць у 2023 годзе ва Узброеныя сілы да 230 грамадзян мужчынскага полу ва ўзросце да 27 гадоў і ў органы памежнай службы — да 20 чалавек, якія прайшлі навучанне па адпаведных праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу на вайсковых кафедрах або факультэтах, маюць вайсковае званне афіцэра і залічаныя ў запас.
Мерапрыемствы, прадугледжаныя ўказам, праводзяцца Узброенымі сіламі Беларусі штогод на планавай аснове.
«Рэалізацыя гэтага ўказа дасць магчымасць павысіць узровень укамплектаванасці першасных вайсковых пасадаў афіцэрскага складу ва Узброеных сілах, забяспечыць якасную падрыхтоўку мабілізацыйнага рэзерву», — паведамілі ў прэс-службе.