Нярэдка людзі прымаюць рашэнне звольніцца нават з любімай працы, бо чару іх цярпення перапоўніла апошняя кропля. Дзве беларускі і беларус расказалі «Люстэрку» пра тое, з якой прычыны ім давялося развітацца з наймальнікамі. Усе гэтыя людзі цяпер не шкадуюць пра свой раптоўны ўчынак і задаволеныя цяперашнім становішчам.
«Дагэтуль тэлефануюць і просяць вярнуцца»
Лідзія (імёны ў тэксце змененыя) мае педагагічную адукацыю, але па спецыяльнасці працавала толькі два гады пасля ВНУ. Потым была кадравіком. Калі ў жанчыны з’явілася дзіця, яна вырашыла зноў пайсці працаваць выхавальніцай у дзіцячы садок, каб быць бліжэй да малога.
— Я працавала ў зручную мне сярэднюю змену, каб была магчымасць з раніцы і ўвечары займацца дзецьмі, адводзіць іх у садок і школу і забіраць іх адтуль. У дзіцячым садку я была вельмі выгадным і зручным супрацоўнікам, бо не цуралася ніякай працы. Магла застацца пазней, папрацаваць у выходны, выйсці падчас працоўнага адпачынку ці бальнічнага, каб дапамагчы наймальніку, — успамінае Лідзія.
Беларуска была не толькі выхавальніцай, але і выконвала іншыя задачы. Да прыкладу, яна ў розны час таксама была кадравіком, аніматаркай, кур’еркай, няняй, афіцыянткай, тамадой, снягуркай, псіхатэрапеўткай.
— Мяне не хацелі страчваць. Я была зручнай мілай дзяўчынкай на пабягушках, якая і ў дождж, і ў снег можа аднесці дакументы ў выканкам, упраўленне, бухгалтэрыю, затарыцца гарбатай і кавай на рынку, забраць вітаміны для харчаблока з аптэкі, здаць абутак дырэктаркі ў рамонт ці збегаць у краму па чэшкі яе дачцэ.
Праз чатыры гады дзіця Лідзіі пайшло ў школу, і ў жанчыны адпала патрэба ў дзіцячым садку. Жанчына пачала глядзець сабе іншыя вакансіі, хадзіла на сумоўі.
— Бывала, што мне рабілі прапанову і паведамлялі, напрыклад, у пятніцу, пра тое, што з панядзелка чакаюць мяне з працоўнай кніжкай і дыпломамі на новым месцы. Я паведамляла пра гэта наймальніку, і мы дамаўляліся палюбоўна развітацца. Аднак надыходзіў панядзелак, мне тэлефанавалі з запланаванай новай працы і паведамлялі, што браць мяне перадумалі. Так здаралася некалькі разоў, і я ўсё ніяк не магла зразумець, што адбываецца.
Тады жанчына вырашыла праверыць сваю кіраўніцу: яе сястра пад выглядам патэнцыйнай новай наймальніцы патэлефанавала ў дзіцячы садок, каб папрасіць водгуку на Лідзію. Атрыманы адказ быў запісаны на дыктафон.
— Ад праслуханага запісу ў мяне быў шок. Пра мяне сказалі, што я некіравальная, канфліктная, са складаным характарам, да таго ж шматдзетная, і праз гэта ўжо «трэба падумаць». Аднак калі я сказала пра гэтыя водгукі кіраўніцы (слухаць запіс ёй я не давала), то яна ўсё абвяргала, маўляў, як я магу верыць нейкім левым людзям, а не ёй, з якой мы рука аб руку столькі гадоў.
Суразмоўніца кажа, што менавіта гэты выпадак паслужыў той апошняй кропляй, пасля якой яна прыняла рашэнне пакінуць гэтую ўстанову. Цяпер Лідзія працуе на новым месцы, дзе яе заробак у некалькі разоў вышэйшы, чым быў у дзіцячым садку.
— Але яны дагэтуль тэлефануюць мне і міжволі просяць вярнуцца. Яшчэ б, бо новы работнік, які прыйшоў замест мяне, выконвае абавязкі выключна не далей за службовую інструкцыі, заканчвае змену ў 16.00, ніякай пазаўрочнай працы, пабягушак па акрузе і абслугоўвання чайных цырымоній.
«Была думка даць у пысу дырэктару»
Рыгор працаваў у кампаніі, дзейнасць якой звязаная ў тым ліку з рэкламным рынкам. Аднак хлопцу не падабалася стаўленне дырэктара да супрацоўнікаў, яго манера зносін, дзіўныя патрабаванні, заявы і прэтэнзіі.
— Дырэктар часта выкарыстоўваў маніпулятыўную рыторыку, напрыклад, мог патэлефанаваць, калі ты ў адпачынку, і накрычаць, што цяпер у працэсах кампаніі нешта не так. Ці мог выклікаць да сябе супрацоўніцу і пачаць пытаць, чаму яна ў 30 гадоў не мае адносін і наогул ці можа яна мець дзяцей, — расказаў Рыгор.
Незадаволенасці дадавала і тое, што нярэдка ўзнікалі пытанні што да заробку.
— У нашага аддзела ў нейкі момант заробак таксама стаў суб’ектыўным, за тры гады разоў пяць ён непрыемна здзіўляў, нам папросту маглі недаплаціць 70% заробленых грошай.
Суразмоўца адзначыў, што за час яго працы нікога з калегаў не звальнялі, усе прымалі рашэнне сысці з уласнага жадання. На думку Рыгора, яны проста не вытрымлівалі беспардоннасці і нахабства кіраўніцтва ў дачыненні да сябе. Некаторыя работнікі сыходзілі ў працяглыя адпачынкі для аднаўлення нервовай сістэмы.
Магчыма, Рыгор яшчэ працаваў бы ў кампаніі, калі б не адбылося няшчасце ў яго сям'і — сур’ёзна захварэў бацька.
— У мяне не было выразнага графіку працы, усё было вельмі гнутка, таму я працаваў у першую палову дня, а ў другой знаходзіўся каля бацькі ў РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах. Тату патрэбны быў догляд, ды і ўзнікалі нейкія дадатковыя пытанні.
На жаль, неўзабаве бацька Рыгора пайшоў з жыцця. Праз некалькі дзён пасля яго пахавання хлопец выйшаў на працу — хацеў адцягнуцца ад трагічных успамінаў. Калегі параілі Рыгору з’ездзіць у галаўны офіс і падаць у бухгалтэрыю заяву пра матэрыяльную дапамогу ад кампаніі. Суразмоўца ўспамінае, што меркавалася аднаразовая выплата каля 300−400 рублёў.
— У бухгалтэрыі заяву прынялі, але незўабаве адтуль патэлефанавалі і паведамілі, што дырэктар не паставіў на яе рэзалюцыю і выклікае мяне да сябе. Калі я прыйшоў да яго, то пачуў, што «смерць блізкага сваяка стала падставай „зрубіць“ з працы і сваякоў лішняга баблішка сабе ў кішэню». Ён паведаміў, што выплату мне не ўхваліць і каб без дазволу ў галаўным офісе я не паказваўся.
Рыгор успамінае, што пачуць такое для яго было шокам, з’явілася нават думка «даць у пысу дырэктару». Хлопец стрымаўся і перад тым, як пакінуць кабінет, сказаў: «Калі вы лічыце, што я спрабую зарабіць на смерці бацькі, аддаўшы на спробы яго выратаваць усе свае зберажэнні, то жадаю, каб вы далей па жыцці грошы зараблялі толькі так».
— Некаторыя калегі чулі тое, што адбылося ў кабінеце. У той жа дзень яны ад сябе зрабілі мне перавод, які ў разы перавышае кампенсацыю. А праз сарафаннае радыё гэтая гісторыя дайшла да кіраўніка холдынгу, на наступны дзень ён патэлефанаваў мне асабіста і папрасіў прабачэння за свайго падначаленага — майго начальніка, таксама сказаў, што кампенсацыя будзе выплачаная.
Гэтая сітуацыя паслужыла штуршком да таго, што Рыгор прыняў рашэнне звольніцца. Праз месяц ён быў з працоўнай кніжкай на руках.
«Зямлю буду грызці, але толькі больш не туды»
Таісія каля 10 гадоў прапрацавала ў школе настаўніцай, таксама была класнай кіраўніцай. Гераіня адзначыла, што заробак у яе быў невысокі, максімум 970 рублёў. Аднак яна хацела працаваць — выкладанне вельмі любіла, з дзецьмі знаходзіла кантакт лёгка і хутка, ды і з бацькамі за ўсе гады канфліктаў у яе не было.
— Але мяне дабіў не працадаўца, а сістэма, у якой я працавала. У выніку я сышла, — забягаючы наперад, патлумачыла Таісія прычыну свайго звальнення.
Былая настаўніца расказала, што ёй даводзілася ад рукі запаўняць велізарную колькасць агульных справаздач, планаў, актаў. Акрамя гэтага, кожныя 2−3 месяцы трэба было наведваць сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або ў якіх дзіця стаіць на ўліку ў міліцыі. Прычым на кожнага такога школьніка была заведзеная асобная папка, якую трэба было запаўняць амаль кожны дзень. Таісія ўспомніла і індывідуальную працу з навучэнцамі і іх бацькамі, гэта яшчэ дзве розныя папкі.
— Была шалёная падрыхтоўка да розных мерапрыемстваў, яе скідвалі на класных кіраўнікоў, бо педагога-арганізатара ў нас не было. Велізарная колькасць ідэалагічна скіраваных класных мерапрыемстваў, па кожным з якіх трэба было напісаць падрабязныя справаздачы. А яшчэ — адказнасць за дзяцей, якія касячылі ў пазашкольны час.
Педагог успамінае, што ў адзін год двое дзяцей з яе класа трапілі на ўлік у міліцыю. Праз гэта ёй скарацілі заробак.
Як кажа Таісія, цяжэй працаваць стала, калі ў школе замянілі кіраўніцтва, якое прынесла свае новаўвядзенні. Напрыклад, калі педагогу тэлефанавалі ў непрацоўны час, яна абавязаная была адказаць на званок, у адваротным выпадку гэта пагражала пазбаўленнем прэміі.
— Асабістага жыцця ніякага не было. Заадно ні часу, ні грошай, каб кудысьці схадзіць ці з’ездзіць. Увесь час чула фразу, што настаўнік — гэта не пра грошы, а пра пакліканне.
У выніку, калі да заканчэння кантракту заставалася два гады, Таісія вырашыла звольніцца. Спачатку адпускаць яе не хацелі, але потым заяву ўхвалілі.
— Не магу сказаць, што я выгарала да выкладання, але да працы ў самой сістэме — так.
Вяртацца як у школу, так і ў прынцыпе ў сістэму адукацыі не планую. Зямлю буду грызці, але толькі больш не туды.
Чытайце таксама