З 1 студзеня ў Беларусі ўвялі «збор на багацце». Падаткавікі расказалі, з якіх даходаў яго будуць спаганяць, а з якіх — не.
Нагадаем, чыноўнікі ўвялі павышаны падатак для тых, хто зарабляе больш чым 200 тысяч рублёў за год. Такія людзі павінныя плаціць падаходны падатак у памеры 25% з сумы перавышэння замест цяперашніх 13%. Гаворка пра даходы ад дывідэндаў, па працоўных дамовах, а таксама па грамадзянска-прававых дамовах. Фактычна можна казаць пра ўвядзенне ў Беларусі «падатку на багацце». Атрымліваецца, што штомесячны даход мусіць быць большы за 16 667 рублёў, каб трапіць на павышаны падатак.
У МПЗ удакладняюць, што не падпадаюць пад павышаную падатковую стаўку некаторыя дывідэнды. Да прыкладу, рэзідэнтам кампаній Парку высокіх тэхналогій, падаходны падатак для якіх спаганяецца па стаўцы 9%, а таксама рэзідэнтам індустрыяльнага парку «Вялікі камень» (збор па нулявой стаўцы).
Таксама не будуць улічваць даходы па некаторых працоўных дамовах. Сярод іх — работнікі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ, а таксама індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Таксама гэта датычыць кампаній і ІП, якія зарэгістраваныя з 1 ліпеня 2015 года да 31 снежня 2025-га на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці (гэта спецыяльная зона з прэферэнцыямі).
Таксама не будуць падпадаць пад павышаную падатковую стаўку даходы ад дывідэндаў, выплатаў па працоўных дамовах (а таксама па грамадзянска-прававых), калі работы і паслугі былі аказаныя да 1 студзеня 2024 года, а грошы атрыманыя пазней.
«Увядзенне стаўкі падаходнага падатку ў памеры 25% не ўносіць ніякіх зменаў у парадак вылічэння, утрымання і пералічэння ў бюджэт падаходнага падатку падатковымі агентамі (наймальнікамі. — Заўв. рэд.), — адзначаюць у МПЗ. — Гэта значыць, нягледзячы на перавышэнне цягам 2024 года налічанага даходу ў памеры 200 000 рублёў, падатковы агент не ажыццяўляе падліку падаходнага падатку па стаўцы ў памеры 25%».
Прасцей кажучы, працадаўцам не трэба будзе вылічваць у супрацоўніка падатак па павышанай стаўцы, гэтым будуць займацца самі падаткавікі пасля падачы работнікам дэкларацыі па падаходным падатку з фізічных асоб за гэты год (гэта трэба будзе зрабіць у 2025-м).
«Тэрмін прадстаўлення падатковай дэкларацыі пры атрыманні даходаў, што абкладаюцца па стаўцы ў памеры 25%, — не пазней за 31 сакавіка 2025 года. Тэрмін даплаты падатку па стаўцы ў памеры 25% — не пазней за 1 чэрвеня 2025 года», — удакладняюць у МПЗ.
Чытайце таксама