У Беларусі хочуць яшчэ на адзін год — да 1 студзеня 2025-га — адвязаць арэндныя стаўкі ад курсу валют. Гэта прадугледжвае адпаведны законапраект, які размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Раней эксперты прагназавалі, што калі бізнес адаптуецца да «жыцця без еўранаміналу», то мараторый могуць зрабіць бестэрміновым.
Калі арэнда дзяржаўнай нерухомасці прывязаная ў асноўным да беларускага рубля (базавай арэнднай велічыні), то арэнда прыватнай нерухомасці, як правіла, раней залежала ад курсаў еўра ці даляра. На гэтым фоне чыноўнікі раней да 1 студзеня 2024 года забаранілі вызначаць стаўкі арэнды камерцыйнай нерухомасці ў замежнай валюце. Іх прывязалі да беларускага рубля. Прычым гаворка пра любую маёмасць, пачынаючы ад офісных памяшканняў і машына-месцаў і заканчваючы аўтамабілямі і будаўнічай тэхнікай. Адпаведныя змены былі ўнесеныя ў Грамадзянскі і Банкаўскі кодэксы. Гэтыя змены датычаць камерцыйнай нерухомасці.
Таксама ў Беларусі да 1 красавіка 2024 года замарозілі базавую арэндную велічыню і арэндныя стаўкі за карыстанне дзяржмаёмасцю — рухомай і нерухомай. То-бок гэты паказчык застанецца да названай даты на адным узроўні — 16,9 рубля.
Нагадаем, у кастрычніку гэтага года стала вядома, што Мінэканомікі выступае за тое, каб стаўкі арэнднай платы за карыстанне маёмасцю былі і далей прывязаныя да беларускага рубля, а не да валюты.
Хоць афіцыйна нельга прывязваць стаўкі па арэндзе да даляраў і еўра, на практыцы па-ранейшаму сустракаюцца такія выпадкі. Арандадаўцы і арандатары дамаўляюцца на карэктавальныя каэфіцыенты, калі курс валюты прыкметна зменіцца.
Чытайце таксама