Урад хоча ўвесці змены што да працы натарыусаў і супрацоўнікаў пасольстваў і консульстваў па натарыяльным паслугах. Законапраект з адпаведнымі праўкамі з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Адно з ключавых змяненняў — прапісаць спіс паслуг, якія натарыусы змогуць аказваць дыстанцыйна, то-бок імі змогуць скарыстацца беларусы, што знаходзяцца за мяжой. У законапраекце таксама прапісалі, якія натарыяльныя паслугі змогуць аказваць у консульствах і пасольствах.
Гэтыя новаўвядзенні хочуць укараніць на фоне апошніх змяненняў па нашумелым указе Аляксандра Лукашэнкі — забароны ажыццяўляць некаторыя адміністрацыйныя працэдуры па даверанасцях, аформленых за мяжой.
Што хочуць дазволіць натарыусам рабіць дыстанцыйна
У законапраекце прапісалі, якія дзеянні можна ажыццяўляць у натарыусаў дыстанцыйна, то-бок без асабістай яўкі чалавека. Сярод іншага гэта выдача пасведчання пра права на спадчыну і пасведчання пра права ўласнасці на долі ў маёмасці, якое муж і жонка нажылі ў шлюбе.
Яшчэ адно натарыяльнае дзеянне, якое ўрад прапануе праводзіць дыстанцыйна — здзяйсненне выканаўчых надпісаў. Калі зусім спрасціць, то гаворка пра магчымасць праз натарыуса спагнаць пэўныя пазычанасці. Да прыкладу, па дамовах куплі-продажу, зарплаце або пастаўках тавараў. Натарыус выдае распараджэнне пра прымусовае спагнанне з даўжніка на карысць крэдытора пэўнай сумы, гэты дакумент мае сілу выканаўчага дакумента. Падрабязней прачытаць, як гэта працуе, можна па гэтай спасылцы.
Вось спіс натарыяльных дзеянняў, якія хочуць дазволіць ажыццяўляць дыстанцыйна, то-бок без асабістай яўкі чалавека:
- выдача пасведчання пра права на спадчыну;
- выдача пасведчання пра паўнамоцтвы выканаўцы тэстамента (паверніка);
- выдача распараджэння пра кампенсацыю выдаткаў, выкліканых смерцю спадчынадаўцы, аховай спадчыны і кіраваннем ёю, а таксама выдаткаў на пахаванне спадчынадаўца;
- выдача пасведчання пра права ўласнасці на долі ў маёмасці, нажытай мужам і жонкай у перыяд шлюбу;
- сведчанне дакладнасці перакладу дакументаў з адной мовы на іншую;
- прыём у дэпазіт натарыуса грошай у беларускіх рублях і замежнай валюце, каштоўных папер;
- здзяйсненне выканаўчых надпісаў;
- усталяванне ў дачыненні да даўжніка або спагнанніка па выканаўчым надпісе факту правапераемнасці, змены назвы юрыдычнай асобы, змены прозвішча, імя чалавека;
- прыём на захоўванне электронных дакументаў;
- забяспечанне доказаў, неабходных для вядзення справаў у органах замежных дзяржаваў, а таксама пісьмовых доказаў для разгляду справаў у судах агульнай юрысдыкцыі Беларусі. Але гэта датычыць толькі забяспечання доказаў, размешчаных у інтэрнэце;
- выдача дублікатаў натарыяльных дакументаў, асобнікі якіх ёсць на захоўванні ў натарыуса, у натарыяльнай канторы, натарыяльным або дзяржаўным архіве.
Дакументы па натарыяльных працэдурах, якія можна будзе здзяйсняць дыстанцыйна, можна накіраваць па пошце ці як электронны дакумент праз інфармацыйныя сістэмы. Але на такіх паперах мусіць быць завераны подпіс.
«Пры накіраванні заявы пра ажыццяўленне натарыяльнага дзеяння з дапамогай паштовай сувязі сапраўднасць подпісу грамадзяніна, яго прадстаўніка або прадстаўніка юрыдычнай асобы на такой заяве мусіць быць засведчаная натарыусам, упаўнаважанай службовай асобай, службовай асобай замежнай установы», — гаворыцца ў законапраекце.
Калі адпраўляць дакументы праз інфармацыйныя сэрвісы Беларускай натарыяльнай палаты, то заява мусіць быць падпісаная электронным лічбавым подпісам.
Якія новаўвядзенні могуць укараніць для консульстваў
У законапраекце прапісалі, што ў замежных установах нельга будзе сведчыць угоды з аўтамабілямі, прычэпамі і самаходнымі машынамі.
Цяпер сярод выключэнняў — толькі пасведчанне ўгодаў з нерухомасцю, правам уласнасці і іншым правам, якія зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі.
У законапраекце таксама прапісалі выпадкі, калі ў замежных установах могуць адмовіць у ажыццяўленні натарыяльных дзеянняў, — напрыклад, калі ажыццяўленне такога дзеяння парушае дзяржаўныя інтарэсы або супярэчыць заканадаўству.
Што яшчэ прапісалі па спагнанні пазычанасцяў праз натарыусаў і консульства
У законапраекце прысутнічае спіс бясспрэчных патрабаванняў, для задавальнення якіх робяцца выканаўчыя надпісы. Гэта дадатак з 32 пунктаў. Да прыкладу, гэта даўгі па крэдытах, страхавых унёсках, мытных плацяжах, заробках.
Пад бясспрэчнымі патрабаваннямі маюць на ўвазе пазычанасці, якія па выканаўчым надпісе будуць спісваць у даўжніка. Як правіла, гэта робяць праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму выканання грашовых абавязанняў (АІС ВГА).
Урад прапісаў у законапраекце, што выдаваць распараджэнне пра прымусовае спагнанне з даўжніка па гэтых 32 пунктах могуць натарыусы (у тым ліку дыстанцыйна), а па некаторых пазіцыях — і консульства (пры звароце). Так, у пасольствах і консульствах можна будзе атрымліваць дакументы на прымусовае спагнанне:
- налічаных, але не выплачаных ці не цалкам выплачаных работніку зарплаты і іншых выплат;
- пазычанасці па натарыяльна засведчаных угодах, на падставе якіх узнікае абавязанне па выплаце грошай, няўстойкі (штрафу, пені) у сувязі з такой пазычанасцю;
- па патрабаванні, заснаваным на пратэсце вэксаля ў неплацяжы, неакцэпце і недатаванні акцэпту, зробленым натарыусам.
Удакладнім, што гаворка менавіта пра здзяйсненне выканаўчых надпісаў у замежных установах. Пра тое, якія яшчэ паслугі аказваюць з 7 верасня ў консульствах і пасольствах, а якія — не, можна прачытаць па гэтай спасылцы.
Калі хочуць увесці змены, якія падрыхтаваў Саўмін?
Прапануецца, што гэтыя новаўвядзенні мусяць запрацаваць праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання дакумента. Але спачатку яго павінныя зацвердзіць, а колькі на гэта спатрэбіцца часу, пакуль невядома. Законапраект для пачатку павінен у двух чытаннях зацвердзіць парламент, затым ухваліць Савет Рэспублікі, а ўжо потым дакумент мусіць пайсці на подпіс Аляксандру Лукашэнку.