ЕС не ўключаў Беларусь у санкцыйныя пакеты разам з Расіяй таму, што пра гэта прасіла Украіна, паведаміў 12 студзеня карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Брусэлі Рыкард Ёзвяк. У Кіеве абверглі гэтую інфармацыю, заявіўшы, што «кансэнсусу» ўнутры Еўрасаюза пакуль няма. Пра пазіцыю Украіны ў дачыненні да санкцый ЕС «Люстэрка» спытала ў дэпутата Вярхоўнай рады Аляксея Ганчарэнкі.
— Я не магу ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю (ад Рыкарда Ёзвяка. — Заўв. рэд.). Але, на жаль, я бачу, што амбасадар Украіны працягвае знаходзіцца ў Мінску, у той час як адтуль прыходзяць забіваць людзей у Бучу, Ірпень, Гастомель, — адзначыў Ганчарэнка. — Калі адтуль ляцяць дроны ва Украіну і гэтак далей. Дапускаю, што камусьці здаецца, што з рэжымам Лукашэнкі ёсць сэнс пра нешта дамаўляцца.
На яго думку, такая пазіцыя — вялікая памылка. А з Лукашэнкам, паводле дэпутата, «дамаўляцца няма пра што».
— Лукашэнка — гэта проста пуцінскі намеснік у Беларусі. Беларусь фактычна акупаваная. Таму я ўнёс у Вярхоўную раду праект пастановы пра прызнанне Беларусі акупаванай, увядзенне ўсіх магчымых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, выключэнне Беларусі з усіх міжнародных арганізацый да ўсталявання ў краіне дэмакратычнай улады, — сказаў на заканчэнне ён.
Нагадаем, у Кіеве абверглі інфармацыю пра тое, што Украіна прасіла не ўключаць Беларусь у апошнія пакеты санкцый ЕС. Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка паведаміў, што, паводле яго звестак, кансэнсусу ўнутры Еўрасаюза пакуль няма.
«Украіна і партнёры цяпер актыўна працуюць па максімальна змястоўным напаўненні дзясятага санкцыйнага пакета ЕС, прыняцце якога ўжо даўно наспела», — дадаў ён.