Падчас нясення службы ў Віцебску загінулі два ўчастковыя інспектары міліцыі, паведамляе прэс-служба МУС. Рэгіянальны паблік паведаміў пра забойства і самагубства.
«Учора каля 17 гадзін у Віцебску пры выкананні службовых абавязкаў у выніку няшчаснага выпадку загінулі двое ўчастковых інспектараў міліцыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Іншыя падрабязнасці не паведамляюцца.
Разгляд знаходзіцца на асабістым кантролі міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.
Рэгіянальны тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю», са спасылкай на свае крыніцыпаведамляе, што «ў пункце аховы правапарадку супрацоўнік міліцыі застрэліў напарніка, потым сам сябе».
Пазней у Следчым камітэце заявілі, што па факце гібелі супрацоўнікаў міліцыі ў Віцебску праводзіцца праверка.
«На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Асноўная версія здарэння — неасцярожнае абыходжанне з агнястрэльнай зброяй», — гаворыцца ў паведамленні.