У вёсцы Грушаўка Нараўлянскага раёна выпівалі двое прыяцеляў. Пасля сваркі гаспадар дома збіў госця, а той памёр. Прычынай смерці аказалася атручанне этылавым спіртам, але яго прыяцеля ўсё роўна судзілі, паведамляе «Прыпяцкая праўда».
Гаспадар дома запрасіў прыяцеля ў госці. Мужчыны выпівалі, а потым пасварыліся.
— Ведаючы, што мужчына знаходзіцца ў бездапаможным стане з прычыны моцнага алкагольнага ап’янення і не можа супраціўляцца, абвінавачаны схапіў яго за плечы, зрабіў падсечку, паваліў яго на падлогу і пачаў наносіць удары ў вобласць галавы, — расказала падрабязнасці крымінальнай справы намесніца пракурора Нараўлянскага раёна Вікторыя Жылінская.
Экспертыза налічыла не менш за 11 удараў, у выніку якіх госць атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія сінякі і ранкі, удары, гематомы, кровазліццё вялікіх абалонак галаўнога мозгу.
Пасля збіцця прыяцеля гаспадар кватэры пайшоў спаць, пакінуўшы госця на падлозе ў перадпакоі, а праз некалькі гадзін знайшоў яго мёртвым.
Але следства выявіла, што прычынай смерці госця стала атручанне этылавым спіртам.
— Сваімі наўмыснымі дзеяннямі яшчэ да смерці ён нанёс пацярпеламу боль спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя псіхічныя і фізічныя пакуты. А значыць, быў абавязаны паўстаць перад судом, — адзначыла намесніца пракурора.
Гаспадара дома прызналі вінаватым у катаванні (ч. 2 арт. 154 КК Беларусі). Яму прызначылі два гады «хіміі» і штраф на 50 базавых велічынь (2000 рублёў).