Мінчукі скардзяцца на затрымкі з выдачай пашпартоў, не дапамагае і даплата за тэрміновасць. Паспрабавалі высветліць, у чым прычына
23 лiпеня 2024 у 1721753700
«Зеркало»
Беларусы скардзяцца на затрымкі з выдачай новых пашпартоў. Пазней за вызначаны тэрмін атрымліваюць і тыя, хто мяняў дакументы ў звычайным парадку, і тыя, хто заплаціў за паскораны выраб. Вось што кажуць людзі і што адказваюць у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі.
«Паставілі нейкую машыну новую - наладжваюць»
Пара з Мінска збіралася ў адпачынак у канцы ліпеня і загадзя пайшла мяняць пашпарты. Падалі дакументы ў пачатку чэрвеня - часу яшчэ хапала, вырашылі не даплачваць за паскораны выраб, месяц чакання іх задавальняў. Але давялося чакаць даўжэй.
- Калі праз месяц пайшлі забіраць новыя пашпарты, сказалі, што яны яшчэ не гатовыя, бо нейкія тэхнічныя праблемы з друкам. Калі будуць гатовыя, невядома. У выніку прачакалі амаль паўтара месяца адзін пашпарт, другі - на пару дзён даўжэй, бо падаваліся ў розных раёнах, - падзяліўся чытач.
Праз затрымку ім давялося ссоўваць планы на адпачынак. На падобную сітуацыю скардзяцца беларусы і ў чатах.
- Аплацілі паскарэнне за два тыдні, у панядзелак выйшаў тэрмін, а пашпарт не гатовы. Патрэбны быў да суботы, цяпер трэба ўсе планы мяняць. Тэлефаную ў АГіМ па тры разы на дзень. Паставілі нейкую машыну новую, якая [дакументы] друкуе, - пакуль марнуюць дні, наладжваюць, - напісала ў адной з гарадскіх суполак мінчанка і пацікавілася: - Я магу напісаць заяву на вяртанне грошай за паслугу?
- Сяброўка рабіла біяметрычны платна - выдалі за тры дні, а тым, хто рабіў бясплатна звычайныя пашпарты, у калідоры абвясцілі, што яны яшчэ не гатовыя і трэба чакаць СМС. Папярэдзілі, што тэрміны вельмі зацягваюцца, - напісала яшчэ адна жыхарка Першамайскага раёна сталіцы.
Колькі чакаць?
У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як фізасоба, пацвердзілі, што цяпер ёсць тэхнічныя праблемы з друкам, але запэўнілі, што даўжэй чым паўтара месяца дакумент рабіць не могуць.
У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі УУС Фрунзенскага раёна, куды мы таксама датэлефанаваліся, таксама прызналі, што затрымкі ў вырабе і выдачы пашпартоў ёсць.
- У нас сапраўды трошкі даўжэйшыя тэрміны вырабу цяпер, - патлумачылі праз тэлефон. - Калі вы падасце цяпер дакументы на месяц, яны будуць трошкі пазней - яшчэ дзесьці плюс тыдзень. Калі падасце на 15 дзён, усё будзе гатова недзе за 20−23 дні.
Колькі працягнецца такая сітуацыя, у Фрунзенскім АГіМ не ведаюць. Там толькі дадалі, што тэхнічныя праблемы - на баку Бюро пашпартызацыі насельніцтва, якое займаецца вырабам дакументаў. Якія менавіта гэта непаладкі, не ўдакладнілі.
Чытайце таксама