«Нічога не падала! Усё нармальна ў нас». Пагаварылі з мясцовымі жыхарамі, сельсаветам і вайскоўцамі пра ракету, што ўпала ў Брэсцкай вобласці
29 снежня 2022 у 1672314720
«Зеркало»
Днём у чацвер, 29 снежня, тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў са спасылкай на мясцовыя паблікі пра тое, што ў полі каля вёскі Гарбаха ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці знайшлі абломкі ракеты. Пры гэтым тэлеграм-канал «Пул Первого» сцвярджае, што яна ўкраінская.
Нам удалося пагаварыць з трыма мясцовымі жыхарамі (імёны змененыя). Марына паведаміла, што сёння прыкладна, а палове дзесятай раніцы яна прачнулася ад грукату.
- Маё паўтарагадовае дзіця таксама ўскочыла ад гуку і заплакала. Усё ў кватэры пачало трэсціся, было вельмі страшна, - кажа дзяўчына.
Яе словы пацвярджае і жыхар Іванава Уладзімір. Ён сцвярджае, што прыкладна ў той жа час пачуў за акном «гук, падобны да моцнага выбуху».
- Пайшла нейкая вібрацыя. Думаў, не дай бог, нас ужо нехта абстрэльвае. А потым у інтэрнэце прачытаў інфармацыю. Пашанцавала, што не разарвалася.
Жыхарка Іванава Яўгенія таксама пацвердзіла нам, што чула «нешта падобнае да выбуху».
- Ён быў вельмі гучны. Я прачытала, што гэта была ракета, толькі незразумела чыя. Вось цяпер абмяркоўваем з бацькамі, што, здаецца, час з'язджаць з нашых памежных раёнаў, - каментуе дзяўчына.
Журналістка «Люстэрка» як жыхарка рэгіёна патэлефанавала мясцовым чыноўнікам, каб спытаць, ці адпавядаюць рэчаіснасці навіны пра ракету. Вось такой была размова з сельскім саветам:
- У нас усё добра.
- Усё добра - гэта нешта ўпала або нічога не падала?
- Дзяўчына, у нас усё добра!
- Родным на іх пытанні так і сказаць?
- Так, так і скажыце: усе жывыя-здаровыя, у нас усё добра!
А вось што адказалі пра інцыдэнт у Мінабароны:
- Пакуль не, здаецца. У нас такой інфармацыі не паступала, прынамсі, - адказаў дзяжурны і адправіў нас у Іванаўскі ваенкамат.
З дзяжурным камісарыята размова таксама была кароткая:
- Нічога не падала! Усё нармальна ў нас. Не перажывайце, усё добра.
- А фота, якія публікуюць у інтэрнэце, - гэта што?
- Можа, фэйкі нейкія. Не перажывайце, усё нармальна ў нас!
Між тым сёння ўдзень прэс-служба Лукашэнкі пацвердзіла падзенне ракеты. Там сцвярджаюць, што яна ўкраінская.
Нагадаем, 7 красавіка ў Беларусі ўжо падала ракета. Тады ўсё сведчыла пра тое, што гэта быў расійскі боепрыпас.