На МАЗе запусцілі вытворчасць аўтобусаў. Але ёсць рызыка, што прадаць іх будзе складана
26 красавiка 2025 у 1745652360
Ніна Атэза / «Зеркало»
Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ) запусціў новы корпус па вытворчасці аўтобусаў, піша «Беларусь сегодня». Плануецца, што за год ён будзе выпускаць па 3 тысячы адзінак пасажырскай тэхнікі. Выйсці на такую загрузку плануюць у наступным годзе. Сёлета прадпрыемства сутыкнулася з сур'ёзным падзеннем продажаў на галоўным экспартным рынку - у Расіі.

На прадпрыемстве новы цэх называюць «інавацыйным праектам». Будавалі яго з 2023 года, а ў красавіку на новых плошчах ужо сабралі першыя 12 машын.
Яшчэ 50 аўтобусаў плануюць выпусціць у траўні, паведаміў гендырэктар МАЗа Валерый Іванковіч. Ужо ў траўні аб'ём выпуску адпавядае гадавому ўзроўню ў 600 машын.
На вытворчасці будуць працаваць 1223 чалавекі. Завод абсталяваны трыма аўтаномнымі зборачнымі лініямі, спецыялізаваным зварачна-нарыхтоўча-механічным цэхам, а таксама боксамі для дыягностыкі і наладкі аўтобусаў. Агульныя інвестыцыі ў праект перавысілі 300 млн рублёў.
З 1 красавіка функцыянуюць два цэхі завода. Першая сабраная мадэль - аўтобус трэцяга пакалення МАЗ-303047.
Нагадаем, сёлета МАЗ сутыкнуўся з сур'ёзным падзеннем продажаў на расійскім рынку. У сакавіку туды прадалі 24 новыя аўтобусы - амаль у 3,3 разу менш, чым за год да таго.
Аляксандр Лукашэнка ў студзені гэтага года патрабаваў, каб прадпрыемства нарошчвала продажы на экспарт. «Сёлета мы вырабім і прададзім 2,3 тысячы аўтобусаў. Гэта добрыя лічбы. Пад 2 тысячы кожны год дадавайце, і тады не будзе праблем з працай і працаўладкаваннем не толькі ў вас, але і ў вашых дзяцей», - заяўляў палітык.
Чытайце таксама