«Страшнейшы не Лукашэнка, а выбудаваная сістэма». Футбольны трэнер — пра ментальнасць беларусаў, Польшчу, Чыжа і Навінкі
17 лiстапада 2022 у 1668698100
«Зеркало»
Экс-трэнеру брамнікаў мінскага «Дынама» і моладзевай зборнай Беларусі па футболе Дзянісу Парэчыну давялося з'ехаць з краіны крыху больш за год таму. Праз сваю пазіцыю (мужчына падпісаў ліст за сумленныя выбары) ён прапрацаваў усяго толькі дзень у салігорскім «Шахцёры». Цяпер Парэчын - трэнер у клубе «Сталь» чацвёртага па рангу дывізіёна чэмпіянату Польшчы. У інтэрв'ю «Люстэрку» ён падзяліўся меркаваннем пра тое, чым беларускі футбол саступае польскаму, расказаў пра асаблівасці характару брамнікаў, патлумачыў, чаго баіцца ў Беларусі пасля сыходу Лукашэнкі, і ўспомніў сваю працу ў Навінках.
За апошнія два гады вы напэўна чулі выказванні чыноўнікаў пра тое, што «спорт па-за палітыкай». Але жыццё паказвае, што гэта не так: пасля 9 жніўня 2020-га сотні атлетаў падпісалі ліст супраць жорсткасці сілавікоў і за новыя выбары. Пасля многія з іх падвергліся ціску: былі вымушаныя з'ехаць з краіны, аказваліся на «сутках», атрымалі тэрміны па крымінальных справах. У праекце «Спорт у палітыцы» мы размаўляем з атлетамі, якія не пабаяліся гаварыць пра тое, што важна для вельмі многіх беларусаў.
Плэй-оф, масавасць, Еўропа
- У Польшчы чакаюць блізкага чэмпіянату свету па футболе ў Катары?
- Так, вельмі. Вялікі ажыятаж. Тут ёсць цікавасць да кожнай лігі. Я жыву ў невялікім горадзе Сталёва Воля, і нам таксама дастаецца нямала ўвагі. Што ўжо казаць пра нацыянальную зборную… Калі каманда гуляе, жыццё спыняецца. Кожны дзень эксперты робяць прагнозы, разбіраюць склад. Палякі чакаюць, што іх зборная выйдзе ў плэй-оф чэмпіянату свету. Група вельмі цяжкая (Аргентына, Мексіка, Саудаўская Аравія), але людзі настроеныя аптымістычна.
- Беларускія футбалісты калі-небудзь трапяць на чэмпіянат свету?
- Сумняваюся, што гэта адбудзецца пры маім жыцці. Для пачатку трэба ўсё памяняць у Беларусі - потым пра нешта памарым.
- У чым наш футбол саступае польскаму?
- Перш за ўсё - у масавасці. У Польшчы шмат дзіцячых школ: і прыватных, і тых, якія ўваходзяць у структуру клубаў. Напрыклад, у «Сталі» не менш за 200 займаюцца. Дзеці гуляюць і ў дварах - спецыяльна часам хаджу па горадзе і гляджу, якая тут сітуацыя. Усюды абсталяваныя пляцоўкі для футбола, валейбола і баскетбола. І ўсё гэта дае вынік. Хоць палякі таксама бурчаць, маўляў, «у наш час гулялі больш». Але не параўнаць з Беларуссю.
Далей - інфраструктура. У «Сталі», каб вы разумелі, ёсць свой стадыён на 3700 гледачоў, некалькі натуральных палёў, манеж са штучным полем і сінтэтычны газон пад адкрытым небам. І гэта каманда чацвёртага дывізіёна з горада з насельніцтвам 60 тысяч чалавек. У футболе няма дробязяў - усё ўзаемазвязана. Мусяць быць і добрыя ўмовы для трэніровак, і кадры. Да таго ж кіраванне спортам трэба даверыць прафесіяналам, а не генералам або міліцыянтам. Хіба што ў трэнерскім рэсурсе мы не прайграем. У Беларусі дастаткова дасведчаных спецыялістаў.
- У які момант пачалося падзенне нашага футбола?
- Былі нядрэнныя моладзевыя зборныя. Каманды траплялі ў фінальную частку чэмпіянатаў Еўропы, у 2012-м - на Алімпіяду. Але моладзь раствараецца пасля пераходу ў нацыянальную зборную. Цяпер значна прасеў і ўнутраны чэмпіянат. Пагоршылася фінансавае становішча клубаў. Выйсце - прабівацца за мяжу. Тады і зборная будзе больш паспяховай. Не зарабляць грошы ва ўмоўных «Хімках», «Арэнбургу», а праяўляць сябе ў добрых еўрапейскіх клубах.
- Што перашкаджае цяпер?
- Рэч у ментальнасці. Дасягаючы нейкага ўзроўню, нашы футбалісты не імкнуцца да большага. Нядзіўна, што беларусы неліквідныя ў Еўропе. Хлопцы саступаюць тэхнічна, фізічна. Не ўмеюць канкураваць. А ў той жа Польшчы малады футбаліст ніколі не будзе задаволены сваім становішчам. Нават калі рэгулярна выходзіць на поле. Ён хоча развівацца, марыць пра мацнейшы чэмпіянат. Ледзь-ледзь даў слабіну - адразу на яго месца прыйдзе іншы вельмі матываваны гулец.
Гаспадар, курыца, Жаўноў
- Вы працавалі сем гадоў у структуры мінскага «Дынама». Чаму каманда сёлета не змагла трапіць нават у тройку прызёраў?
- З боку здаецца, што не хапіла стабільнасці. Страчвалі ачкі на роўным месцы. Для больш дэталёвых ацэнак усё ж трэба знаходзіцца ўнутры каманды.
- Вы былі ў «Дынама», калі ім кіраваў і Юрый Чыж. Нешта змянілася пасля сыходу бізнесоўца?
- Многія крытыкавалі Чыжа за складаны характар, прыватныя трэнерскія адстаўкі. Але клуб страціў гаспадара - і гэтым усё сказана. Цяпер у «Дынама» няма кіраўніка. Сёння гэта як курыца з адсечанай галавой, якая бегае па коле. І вынік абсалютна не палепшыўся. Хутчэй, наадварот.
- Калі апошні раз ганарыліся беларускім футболам?
- Калі БАТЭ і «Дынама» гулялі на групавой стадыі еўракубкаў.
- Хто вам даў больш за ўсё як брамніку ў прафесійным плане?
- Бліжэй да канца кар'еры папрацаваў з Эдуардам Тучынскім. Потым у жодзінскім «Тарпеда» трэніраваўся з Андрэем Драздом, Аляксандрам Марцешкіным. Усе яны мне далі нямала. А перад гэтым профільных спецыялістаў па брамніках у беларускіх клубах, дзе гуляў, не было.
- Найлепшы галкіпер у гісторыі нашага футбола?
- Калі браць гады незалежнасці Беларусі, то гэта Юрый Жаўноў, на маю думку. Ён доўга трымаў марку ў зборнай і расійскіх клубах.
- А ў сусветным футболе хто імпануе?
- Вельмі падабаюцца два славенцы: Ханданавіч з «Інтэра» і Облак з «Атлетыка». У Польшчы таксама багаты выбар брамнікаў. Усе галоўныя прадстаўнікі гэтага амплуа гуляюць у чэмпіянаце Італіі. Багатая школа.
Форма, шторы, Туміловіч
- Якія якасці патрэбныя сучаснаму брамніку?
- У луцкай «Валыні» доўга працаваў трэнер Віталь Кварцяны. Даслоўна не ўспомню цытату, але ён неяк сказаў прыкладна наступнае: «Брамнік - гэта чалавек, у якім жывуць усе віды спорту. Ён па бабах першы, у лазні першы, за сталом першы - усюды». З такіх людзей і атрымліваюцца галкіперы. Жарты жартамі, але нешта ў гэтым ёсць. У Польшчы, як я бачу, усё круціцца ў распранальні вакол брамнікаў. Калі першы нумар у «Сталі» яшчэ з халоднай галавой, то другі пастаянна трапляе ў нейкія пацешныя гісторыі.
- У хакеі часта кажуць, што брамнікі - асаблівыя людзі.
- Так ва ўсіх гульнявых відах спорту. Брамнікам проста зайздросцяць (смяецца). У іх самая прыгожая форма. Высокія, магутныя хлопцы - дзяўчатам часта падабаюцца.
- У вас былі забабоны?
- Нечага асаблівага не ўспомню. Але калі гуляў у Наваполацку, то быў у нас брамнік, які, калі ішоў дождж, увесь час завешваў шторы. Не любіў такое надвор'е і пачынаў мандражаваць. Да матча мог разоў 20 падысці да акна і праверыць, ці скончыўся дождж.
- А як вам гулялася ў кепскае надвор'е?
- Нармальна. Дождж, снег - усё роўна. Галоўнае, каб ветру не было.
- Вы, Хамутоўскі, Туміловіч, Вайцяховіч - нямала брамнікаў выступіла супраць гвалту ў Беларусі, хоць агулам мала футбалістаў выказвалася пра перамены. З чым вы гэта звязваеце?
- Складана сказаць. Не думаю, што пазіцыя на футбольным полі характарызуе чалавека. Але цікавы нюанс, так. Можа, нешта ў гэтым ёсць. Напрыклад, той жа Гена Туміловіч быў і застаецца неардынарнай асобай ва ўсім. Хамутоўскага таксама добра ведаю. Мы пазнаёміліся яшчэ ў «Атацы», калі тую трэніраваў нябожчык Якаў Шапіра.
Каранавірус, Глеб, «бандэраўцы»
- Вы іранічна гаварылі ў траўні гэтага года пра беларускі футбол: «Я спакойны [за яго], пакуль там ёсць такія людзі, як міністр спорту і турызму [Сяргей Кавальчук] - футбольны менеджар усяе Беларусі. Я ж працаваў у моладзевай зборнай і памятаю стаўленне да каманды. А пры гэтым яны яшчэ патрабуюць выніку». Сутыкаліся з Кавальчуком?
- Так, ён ладзіў хвілінкі ідэалогіі ў моладзевай зборнай. Як у старыя камсамольскія часы: «Гуляйце за радзіму, за сцяг». То Кавальчук, то кіраўнік футбольнай федэрацыі Базанаў праводзілі гутаркі. Але былі моманты, калі зборная магла дабірацца на матч па восем гадзін - гэта і паказвае рэальнае стаўленне. Памятаю, у сярэдзіне кастрычніка 2020-га праз каранавірус адмянілі наш матч у Нарвегіі. Сядзелі два ці тры дні ў гатэлі - нарвежцы не хацелі выпускаць. Толькі чартарам. Спачатку было катэгарычнае «не» з Беларусі. Ледзь-ледзь пытанне залагодзілі. У падобнай сітуацыі аказаліся перад гэтым і ў Партугаліі. Некаторыя гульцы праз некалькі дзён чакання ўсё ж змаглі паляцець у Беларусь, а іншыя, у каго быў станоўчы тэст на COVID-19, дабіраліся на мікрааўтобусах праз усю Еўропу.
- Да Аляксандра Глеба, які ніяк не рэагуе на тое, што адбываецца ў Беларусі і Украіне, памянялі стаўленне за апошнія два гады?
- Проста зрабіў для сябе высновы, што ў некаторых людзей няма стрыжня. Хоць, магчыма, мы не ведаем усіх абставінаў. Гэта выбар Глеба і тых спартоўцаў, хто закрывае вочы на тое, што адбываецца. Маўклівая згода. У Беларусі людзі становяцца ручнымі і жывуць пад пастаянным прэсінгам. Ад безвыходнасці - баяцца страціць працу. І так не толькі ў спорце.
- Чаму чалавеку не даюць права выбару?
- Свабоднай асобай цяжэй кіраваць. Мы вельмі даўно жывём у сістэме. Калі многія краіны пайшлі сваім шляхам пасля развалу СССР, то Беларусь нібы засела ў мінулым і пастаянна азіраецца назад. Вырасла пакаленне, якое ўсё жыццё жыве пры Лукашэнку. Страшнейшы не ён, а менавіта выбудаваная сістэма. Пасля сыходу Лукашэнкі будзе цяжка яе выкараніць. Не ўсведамляючы, многія сталі часткай рэжыму. Бо значна прасцей, калі за цябе думаюць, а не сам нясеш адказнасць за свае рашэнні. Людзі страцілі свабоду мыслення.
- Што вас падштурхнула да ад'езду з Беларусі?
- Знаходжанне ў «Шахцёры», калі я ўсяго дзень папрацаваў з камандай. Пэўныя людзі далі зразумець, што лепш з'ехаць з краіны. Хуценька сабраўся - і ў Польшчу.
- Прывыклі?
- Так, усё добра. Са мной 12-гадовая дачка. Заняты любімай справай: трэнірую брамнікаў у галоўнай камандзе «Сталі» і працую з хлопцамі клубнай акадэміі. Яшчэ адказваю за разбор дзеянняў сапернікаў падчас падрыхтоўкі да матчаў. Падцягваю мову. Горад спакойны і камфортны. Палякі тут да беларусаў добра ставяцца.
- А ўкраінцы?
- Быў выпадак, калі афармляў від на жыхарства. Мой пашпарт убачыла сям'я, якая сядзела ў чарзе. Яны так паглядзелі і пасля паўзы: «З Беларусі? А што тут робіш?» Пагаварылі, я расказаў сваю гісторыю… Усё гэта балюча, вядома. Напрыклад, мая цётка і дзве стрыечныя сястры сустрэлі вайну ў Харкаве. Пасля 2014 года яны думалі, што, можа, з Расіяй ім будзе лепш, чым з «западэнцамі» і «бандэраўцамі» - тэлевізія на ўсходзе Украіны добра прамывала людзям мазгі. А цяпер толькі плююцца на пытанне пра «вызваліцеляў».
У Сталёвай Волі, дарэчы, нядаўна гуляў львоўскі «Рух» з «Галатасараем» у юнацкай лізе. Дык украінскаму трэнеру дапамагалі купляць электрагенератар. Страшна, што людзі без святла і цяпла сядзяць па сховішчах.
Вайна, Пікуль, Акрэсціна
- Палякі баяцца, што вайна іх закране?
- Так. Думаю, гэта адна з прычын, чаму яны так актыўна сталі дапамагаць украінцам. Ведаюць, што наступныя могуць быць яны. Палякі не баяцца, што ў іх не хопіць газу, вугалю, дроваў або грэчкі. Як і для ўсіх нармальных людзей, галоўны страх - вайна.
- Прэс-аташэ жодзінскага «Тарпеда» Сяргей Пузанкевіч прыводзіў у прыклад Парэчына і іншых брамнікаў, што з вамі было найбольш цікава гутарыць на розныя тэмы. Любіце чытаць?
- Цяпер мала часу на мастацкую літаратуру. Вывучаю ў асноўным спартыўную. На польскай прачытаў біяграфію Алекса Фергюсана. Збіраюся брацца за Гвардыёлу. Гэта карысна ва ўсіх аспектах. А так люблю больш кнігі на гістарычныя тэмы. Напрыклад, у маладосьці прачытаў усяго Пікуля. Шмат цікавіўся гісторыяй ВКЛ, Рэчы Паспалітай.
- Футбалісты нямала чытаюць?
- У мой час дастаткова. Вылучу Колю Януша. Жэня Лашанкоў наогул браў на тыдзень па пяць кніг - за дзень нейкі твор паспяваў праглынуць!
- Да ад'езду ў Польшчу вы працавалі пяць месяцаў санітарам у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Што дало той час?
- Камунікацыя з дактарамі-псіхіятрамі на многае адкрывае вочы. Яны вялікія прафесіяналы. З калектывам мне пашанцавала. Убачыў, што існуе іншая рэальнасць. Гэта было незвычайна. Хутка разумееш, што жыццё можа зрабіць з чалавекам.
- Самы незвычайны пацыент, калі можна так выказацца?
- Усе жанчыны. Яны маглі раздзецца, палезці ў бойку, кінуцца на дактароў - трэба было рыхтавацца да ўсяго. Праца павышанай рызыкі. Сустракаў нямала тых, хто апынуўся ў Навінках пасля жніўня-2020. Людзі прайшлі праз Акрэсціна, турмы, а потым іх дастаўлялі ў псіхдыспансер. Памятаю, адзін хлопец перад Навінкамі правёў паўгода ў СІЗА Жодзіна… Мне нават цяжка ўявіць, як шмат рэчаў выплыве, калі ўсё скончыцца.